Усе навіны

Данія можа выйсці з ФІФА

24 лістапада 2022, 10:41
2

Прэзідэнт Федэрацыі футбола Даніі Еспер Мелер паведаміў, што разглядаецца магчымасць запыту ва УЕФА адносна выхаду з ФІФА, паведамляе As.

Данія плануе выйсці разам з іншымі краінамі, якія пацярпелі з-за палітыкі ФІФА адносна нашэння павязак One Love на ЧС-2022.

«Гэтае рашэнне прынятае не цяпер. Нам усё было зразумела доўгі час. Мы абмяркоўваем гэта ў Паўночным рэгіёне (верагодна, гаворка пра Скандынавію – заўв.) cа жніўня.

Цяпер мы пераасэнсавалі гэта. Я мяркую, што могуць узнікнуць праблемы, калі Данія сыдзе сама. Трэба паразважаць над пытаннем, як вярнуць давер да ФІФА. Мы павінны ацаніць тое, што адбылося, а затым сфарміраваць стратэгію разам з нашымі скандынаўскімі калегамі», – сказаў Мелер.

Таксама Данія афіцыйна не будзе падтрымліваць дзейнага прэзідэнта Інфантына ў пераабранні на пасаду прэзідэнта ФІФА, хоць Джані з'яўляецца адзіным кандыдатам.

«У ФІФА праходзяць выбары прэзідэнта. У ФІФА ўваходзяць 211 краін, і я разумею, што ў дзейнага прэзідэнта ёсць заявы пра падтрымку з 207 краін. Данія не ўваходзіць у спіс гэтых краін і не будзе», – адзначыў Мелер.

Нагадаем, што раней ФІФА забараніла нашэнне павязак One Love, прысвечаных барацьбе з усімі формамі дыскрымінацыі, адзначыўшы, што гулец, які парушыць гэтае рашэнне, адразу будзе атрымліваць жоўтую картку.