Усе навіны

Украінскі каментатар Бебех пра Мілеўскага: «Вайна яшчэ больш зацягнула яго ў нейкі дэпрэсіўны стан, і ён да гэтага часу з яго не выйшаў»

26 снежня 2022, 12:53
1

Украінскі каментатар Раман Бебех распавёў пра тое, як вайна, якую Расія з 24 лютага працягвае ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, паўплывала на экс-форварда брэсцкага «Дынама» Арцёма Мілеўскага.

– Я думаю, што ты пагодзішся, што вайна Аляксандра Аліева і Арцёма Мілеўскага па-рознаму раскрыла абсалютна. Па-твойму, чаму так здарылася? Гэта залежыць ад характару, нейкіх момантаў?

– Ну глядзі, Саня ўжо адышоў ад футбольнай кар'еры, гэта значыць ён ужо некалькі гадоў знаходзіцца ў такім пошуку сябе. Калі пачалася вайна, ён ужо быў абсалютна адаптаваны да жыцьця пасьля кар'еры. І ён знаходзіўся з правільнымі людзьмі побач, і ён разумеў, што калі будзе вайна... Ён жа напісаў, што калі будзе вайна, я, маўляў, буду бараніць [Украіну], і ён гэтае слова стрымаў. Ён зараз знаходзіцца ў шэрагах УСУ і працуе. Я з ім размаўляў літаральна на мінулым тыдні.

У Арцёма сітуацыя зусім іншая, бо ён толькі адыходзіў ад завяршэння кар'еры. Гэта вельмі складаны працэс для яго, таму што чалавек знаходзіцца ў пошуку сябе. І пачалася вайна, і гэта яшчэ больш зацягнула яго ў нейкі такі дэпрэсіўны стан. І, як я бачу, ён да гэтага часу з яго не выйшаў.

Ведаеш, у нас прынята за кошт імёнаў нейкія кідаць камяні ці яшчэ нешта такое. Зразумелая справа, што ад публічных людзей мы заўсёды чакаем нашмат большага. Але мы не заўсёды жадаем паглядзець на сітуацыю ў комплексе. У якім стане чалавек, што ён можа даць, можа яму патрэбна падтрымка. Ясна, што можна проста там на кагосьці наехаць, СМІ паставяць загаловак… Таму, як мне падаецца, Мілеўскага зараз усім, хто можа, трэба спрабаваць неяк падтрымаць і спрабаваць неяк яго інтэграваць у жыццё ў цэлым.

– Я думаю, што на яго ўплывае яшчэ і тое, што з яго роднай краіны «прылятае»…

– Ды наогул усё ўплывае. Я ж кажу, што ён яшчэ ў пераходным этапе, плюс вайна, плюс не заўсёды яго бацькі разумеюць, то бок яны таксама ў інфармацыйным полі іншым знаходзяцца. Гэта ўсё ўплывае.

На жаль, ён пакуль не адаптаваўся. Але я памятаю, што Саша Аліеў першыя гады таксама знаходзіўся ў нейкім такім незразумелым стане. Проста ёсць такі момант, што ў Сашы ёсць дзеці, і гэта тое, што, мне падаецца, яго матывуе нешта рабіць. Арцём зараз пакуль адзін. У яго там былі адносіны, але ён адзін. Гэта зусім іншая гісторыя.

– YouTube-праекты «Міля» і «Кент» цяпер на паўзе. Ці плануецца іх перазапуск?

– Глядзі, я меў дачыненне да двух праектаў, але больш да «Мілі». Ясна, што калі хлопцы захочуць… Проста гэта ўсё пушыў [экс-агент Мілеўскага] Саша Панкоў. Аднойчы ён стаў галоўным прадзюсарам усяго гэтага. І потым здарылася, што яны з Аліевым пасварыліся вельмі моцна. У іх заўсёды былі нацягнутыя адносіны, проста каб усе разумелі, што гэта не пра тое, што нехта кагосьці падставіў. Проста іх узровень зносін быў такі, што ў адзін момант магло ўзарвацца. Калі гуляеш з запалкамі, газ – можа выбухнуць. І вось яны ў адзін момант стаміліся сябар ад сябра, так скажам, што ўзровень іх зносін выйшаў на такі маштаб, што далей ужо не магло быць.

І Саша Панкоў перастаў гэтым займацца, Аліеў неяк не знайшоў людзей, якія будуць гэтым займацца, не знайшоў сілы. Тэарэтычна ён гэта можа перазапусціць, але гэта зараз яму зусім не цікава, таму што ён знаходзіцца ў УСУ.

Арцём таксама знаходзіцца ў пошуку сябе. І я ведаю, што Саша Панкоў тэлефанаваў яму вясной, прапаноўваў, маўляў, Тэма давай, уключайся. Але я з ім размаўляў, ён кажа, маўляў, ну так, я паеду на дабрачынны матч, чым канкрэтна я там дапамагу, мая прысутнасць. То бок, ён разумее, што ён нічога глабальна не дасць. І гэта, як мне падалося, яго таксама заганяе ў такія складаныя рамкі.

Калі ён зараз збярэцца… Я бачыў у ім вельмі вялікі YouTube-патэнцыял, таму што ён насамрэч той чалавек, перад якім адчыненыя ўсе дзверы. Усе ведаюць, што гэта чалавек, які, калі захоча, зможа дастукацца на самы верх. У гэтай краіне ў яго ўсе дзверы адчыненыя. Толькі ты ж не можаш прыйсці, маўляў, давайце вы... Трэба прапанаваць нешта. Маўляў, я хачу займацца вось гэтым, я бачу гэта так. Але гэта ён мусіць захацець. Не можа нехта яго пушыць, ён сам павінен захацець.

– Тут важна не страціць гэты «залаты» час, таму што год-два-тры і пра яго проста забудуцца.

– Так, глядзі, гэта ясна, гэта зразумела, але мы вяртаемся да таго, што ён зараз знаходзіцца ў пошуках сябе, і калі ён выйдзе з гэтага стану, не ведаю, трэба ў яго спытаць.

Яшчэ такі момант, што ён лічыць, што зараз усё немагчыма. Ён не жадае здымаць нейкі «хі-хі, ха-ха» кантэнт. Я з ім размаўляў, на яго вельмі моцна паўплывала вайна. Калі ён убачыў, як бамбуюць, як гінуць людзі. Людзі, якія знаходзяцца за мяжой, ніколі не адчуюць гэтага: ты ніколі праз тэлеграм-канал не перадасі, што такое, калі ты чуеш выбух, ці калі ты баішся, што цябе ці тваіх родных заб'юць. І ён вельмі моцна гэтым прасякнуты.

Ён сябруе з Сяргеем Дрыпоўскім – экс-лекарам зборнай Украіны і брэсцкага «Дынама». У Сяргея такая сацыяльная місія – ён аднаўляе нашых байцоў, якія пацярпелі, хлопцы там, у якіх няма ногі, рукі. І Сярога іх аднаўляе, працуе, і Арцём вельмі часта там бывае. І ён гэта бачыць на свае вочы. Ён кажа: «Ром, я проста не магу ўявіць, для чаго гэта ўсё робіцца. Яны [расіяне] проста знішчаюць людзей».

Я проста з ім такую вельмі сур'ёзную гутарку вёў, таму я хачу, каб усе разумелі, што гэта не той Арцём, які быў «хі-хі, ха-ха, я на «Мэрсе» катаюся». Ён вельмі глыбока прыняў усе гэтыя моманты. І яны вельмі моцна на яго паўплывалі, – распавёў Бебех.