Усе навіны

Футбаліст зборнай Украіны Маліноўскі: «Чыста машынальна паціснуў расіяніну руку ў адказ. Хачу папрасіць прабачэння перад украінцамі»

31 студзеня 2023, 11:09

Паўабаронца «Марселя» Руслан Маліноўскі пракаментаваў эпізод, калі ён абняў паўабаронцу «Манака» расіяніна Аляксандра Галавіна пасля матчу чэмпіянату Францыі (1:1).

«Я хачу папрасіць прабачэння перад украінцамі за адказ на жэст гульца «Манака». Я разумею, што лепей бы я абышоў яго бокам, але так здарылася, што ён падышоў да мяне і павітаўся. Пасля гульні ўсе гульцы паціскаюць адно аднаму руку, і я чыста машынальна гэта зрабіў.

Я разумею, як гэта важна для вас у дадзены момант, але тыя абразы і хейт за секундную віну, у параўнанні з тым, што мы робім для Украіны і ўкраінцаў з пачатку вайны, выклікаюць у мяне непрыемныя пачуцці і сумневы ў вашай шчырасці, калі вы пішаце мне словы падтрымкі.

У індывідуальным відзе спорту я б нават не выйшаў гуляць супраць расійскага спартоўца, паколькі я цалкам падтрымліваю адхіленне расіян ад міжнародных спаборніцтваў», – напісаў Маліноўскі ва інстаграме.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 года Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Адзначым, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну 24 лютага 2022 года, Маліноўскі да 11 жніўня выступаў у складзе «Аталанты» разам з расійскім паўабаронцам Аляксеем Міранчуком.