Усе навіны

Ціма Вернер: «6 сакавіка мне споўніцца 27, больш не магу быць проста маладым гульцом, нават калі часам так і раблю»

4 сакавіка 2023, 17:55

Нападнік «Лейпцыга» Ціма Вернер падзяліўся думкамі пра сваю форму і ўзрост.

– Нягледзячы на траўму, у цябе добры вынік гэтага сезону – 12 галоў і 5 асістаў у 25 матчах ва ўсіх турнірах. Наколькі задаволены гэтымі паказнікамі і ці ставіш перад сабой мэты?

– Не, не стаўлю перад сабой мэтаў. У мяне было ўсё вельмі добра да чэмпіянату свету, але траўма перапыніла маю форму. Азіраючыся назад, мне спатрэбілася некалькі гульняў, каб вярнуцца на свой узровень. Гэта была мая першая сур'ёзная траўма, урэшце, яна вельмі раздражняла.

Забіўшы мячы супраць «Шальке» і «Хофенхайма» ў першых гульнях года, павінен быў прызнаць, што было не так лёгка гуляць. Зразумеў, што гэта непрыемна, калі ты не ў лепшай форме, а супернікі раптам цябе даганяюць. Цяпер я шчаслівы, што справы ідуць у добрым кірунку, у мяне няма прэтэнзіяў да самога сябе.

– Ці змянілася твая роля ў камандзе пасля двух гадоў у АПЛ?

– Так, роля непазбежна робіць мяне больш лідарам, нават з пункту гледжання ўзросту. 6 сакавіка мне споўніцца 27, больш не магу быць проста маладым гульцом, нават калі часам так і раблю.

Я ўжо не адзін з маладых футбалістаў, але яшчэ і не адзін са старэйшых гульцоў, а проста пасярэдзіне. Таму паступова раблюся лідарам на полі. Павінен працягваць развіваць гэтую якасць і расці ў гэтым плане, – сказаў Вернер.