Усе навіны

«Ліверпуль» хоча пажыццёва забараніць 16-гадоваму фану наведваць «Энфілд» – ён выбег на поле і ледзь не траўміраваў Робертсана

7 сакавіка 2023, 10:10

Заўзятар «Ліверпуля», які выбег на поле ў матчы з «Манчэстэр Юнайтэд» (7:0), быў арыштаваны.

16-гадовы англічанін падчас святкавання гала пабег да гульцоў мерсісайдцаў, але падслізнуўся і сутыкнуўся з Эндру Робертсанам. Футбаліст адразу ж упаў на газон і трымаўся за шчыкалатку. Фаната адразу ж вывелі са стадыёна, у трансляцыю патрапіў эпізод, як галоўны трэнер Юрген Клоп вельмі эмацыйна нешта казаў услед заўзятару.

Робертсан здолеў дайграць матч да канца.

Цяпер «Ліверпуль» заявіў, што плануе пажыццёва забараніць фанату наведваць «Энфілд», калі дакажуць яго віну ў парушэнні правілаў выхаду на поле.

«Гэтым непрымальным і небяспечным паводзінам няма апраўдання. Бяспека гульцоў, калег і балельшчыкаў мае першараднае значэнне. Цяпер клуб будзе прытрымлівацца афіцыйнага працэсу санкцый і прыпыніў дзеянне акаўнта меркаванага парушальніка да завяршэння працэсу.

Калі яго прызнаюць вінаватым у выхадзе на поле без дазволу, парушальнік можа сутыкнуцца з судзімасцю і пажыццёвай забаронай на наведванне «Энфілда» і ўсіх стадыёнаў Прэм'ер-лігі. Гэтыя дзеянні небяспечныя, незаконныя і маюць сурʼёзныя наступствы», – гаворыцца ў заяве «Ліверпуля».