Все новости

Нападаючы «Крумкачоў» Яцкевіч завяршыў кар'еру

19 сакавіка 2023, 21:04
1

Нападаючы «Крумкачоў» Аляксандр Яцкевіч завяршыў кар'еру. Пра гэта паведаміла прэс-служба мінскага клуба.

«Добры дзень, паважаныя і незабыўныя заўзятары каманды «Крумкачы»!

Вось прыйшоў і мой час сказаць вам дзякуй, усіх абняць і прыўзняць.

Дзякуй за адданасць, эмоцыі і падтрымку!

Дзякуй вам за сяброўства, цёплыя словы і справядлівасць, за той нялёгкі шлях, пераадолеўшы які, мы засталіся самі сабой і, пра які я буду з чыстым сумленнем і гонарам успамінаць!

Так, я мог застацца, і яшчэ N гадоў гуляць, і здзіўляцца ад моладзі, але не хачу займаць іх месца, тым больш у другой лізе. Проста ездзіць на гульні і гуляць, займаючы месца таго, хто паўнавартасна трэніруецца, ды яшчэ і маладога, я не лічу правільным.

І хацелася б скончыць гэты зварот словамі нашага сябра, таварыша і проста добрага чалавека: «Ваш нумар №98», – прыводзіць словы Яцкевіча прэс-служба «Крумкачоў».

Усяго за «Крумкачоў» Яцкевіч згуляў 101 матч ва ўсіх турнірах і забіў 40 мячоў, што з'яўляецца клубным рэкордам.