Усе навіны

Экс-дыктар «Барысаў-Арэны» Каверын: «Здаровы лад жыцця? Не, мала рухаюся, хаця люблю велік, але тут трэба сябе прымусіць. У параўнанні з Мінскам Варшава – рай для веласіпедыстаў»

23 красавіка 2023, 17:43

Былы дыктар «Барысаў-Арэны», а цяпер вядучы YouTube-праекта «Звычайная раніца» Канстанцін Каверын у інтэрв'ю «Нашай Ніве» распавёў пра тое, ці прытрымліваецца ён здаровага ладу жыцця.

– З чаго складаецца цяпер ваша жыццё?

– Ранішні эфір, абед, пасляабедзенны сон на працягу 40-60 хвілін. Потым кубак кавы і праца – штодзённае пагружэнне ў беларускі парадак дня. Пасля працы ў мяне шахматы і сон.

– Што вы самі робіце, каб абстрагавацца ад цяжкага інфармацыйнага парадку дня?

– Шахматы мне дапамагаюць, кніжку магу пачытаць. Але мне складана, бо люблю рускую літаратуру і не магу цяпер яе чытаць. Пастаянна лезуць думкі, як гэта яны так добра пісалі, а ў выніку краіна прыйшла да такога.

А так – як ва ўсіх: серыяльчык паглядзець, у парк схадзіць. У маім жыцці стала менш алкаголю, бо разумею, што гэта – шлях у нікуды. Не, я не адмовіўся ад яго, раз на тыдзень магу выпіць, і мне хапае. Хачу сказаць тым, хто знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане і спрабуе гэта заглушыць алкаголем: чым менш ты бухаеш, тым радаснейшае тваё жыццё.

Здаровы лад жыцця? Не, мала рухаюся, хаця люблю велік, але тут трэба сябе прымусіць. Хаця, калі робіш нешта такое, потым заўсёды адчуваеш кайф.

– Варшава, дзе вы жывяце, падыходзіць для велашпацыраў?

– Так, тут нашмат больш безбар’ернай прасторы, чым у Мінску. У параўнанні з ім Варшава – рай для веласіпедыстаў, але кажуць, што ў Амстэрдаме яшчэ лепш.

Мне было вельмі цяжка прыняць Варшаву, у першыя месяцы эміграцыі выў па начах, мне сніўся Мінск. Але цяпер Варшава патроху ўваходзіць у мяне. Палякі вельмі таварыскія, спагадныя, добрыя, і гэта захапляе. Мне падабаецца горад, люблю хадзіць па гэтых старадаўніх вулачках. Вядома, Варшава была разбураная падчас вайны і яе аднавілі, але зрабілі гэта прыгожа, і калі на дварэ вясна і свеціць сонца, усё гэта ўлагоджвае.

Мне падабаецца варшаўскі грамадскі транспарт. Вельмі рэдка езджу за стырном тут, хаця ў Мінску толькі так і ездзіў, – распавёў Каверын.