Усе навіны

Нямецкая футбольная ліга можа пазбавіць «Герту» ліцэнзіі для ўдзелу ў Бундэслізе з-за фінансавых праблем

8 траўня 2023, 16:57

Нямецкая футбольная ліга (DFL) можа пазбавіць «Герту» ліцэнзіі Бундэслігі з-за напружанай эканамічнай сітуацыі ў клубе, паведамляе Sky Sports са спасылкай на Süddeutsche Zeitung.

Неназваная крыніца ў лізе паведаміла, што «Герта» з'яўляецца «найгоршым выпадкам, які ў нас калісьці быў», калі справа даходзіць да ліцэнзавання клубаў.

Афіцыйна ліга адмовілася каментаваць працэс ліцэнзавання на наступны сезон. «Герта» прызнала, што мела кантакты з Нямецкай футбольнай лігай па ліцэнзіі.

«Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з DFL як па бягучым працэсе ліцэнзавання, так і па зместу партнёрства з нашым інвестарам 777 Partners. Абедзве тэмы павінны быць абмеркаваны і праяснены з захаваннем усіх патрабаванняў заканадаўства, у прыватнасці, правіла 50+1 і змястоўных спецыфікацый. Аднак на гэты момант мы не будзем каментаваць бягучыя працэсы і спекуляцыі ў СМІ», – гаворыцца ў заяве «Герты».

У сакавіку амерыканская інвестыцыйная кампанія 777 Partners, якая валодае «Джэноа» і «Стандардам», атрымала 78,8% акцый «Герты». Цяпер DFL вывучае, ці не парушыла гэта пагадненне правіла 50+1 – згодна з ім у Германіі 50+1% акцый прафесійнага футбольнага клуба павінны належаць некамерцыйнай грамадскай арганізацыі.

Без фінансавага ўлівання ў памеры 100 мільёнаў еўра, абвешчанага 777 Partners, патрабаванні ліцэнзіі DFL, якія павінны быць выкананы да 30 чэрвеня, не могуць быць выкананы. Калі «Герта» страціць ліцэнзію, яна можа выляцець у 3-і дывізіён, таму што 2-і дывізіён таксама патрабуе ліцэнзіі Бундэслігі.

У цяперашні час берлінскі клуб знаходзіцца на апошнім месцы ў Бундэслізе.