Усе навіны

Бурак выбачыўся перад заўзятарамі брэсцкага «Дынама»: «Восем гульняў і сем паражэнняў – не тое, на што мы разлічвалі»

14 траўня 2023, 15:43

Паўабаронца брэсцкага «Дынама» Мікіта Бурак пракаментаваў паражэнне ад «Шахцёра» (0:2).

– Вынік, на жаль для нас, атрымаўся адмоўны. Мы ехалі ў Салігорск за трыма ачкамі. Маю гульню будзе ацэньваць галоўны трэнер. Хацелася б падзякаваць заўзятарам, якія ў такую познюю гадзіну прыехалі нас падтрымаць. Вялікі ім дзякуй. Яны найлепшыя ў краіне.

– Ты кажаш, што прыехалі за трыма ачкамі. Была асаблівая падрыхтоўка да «Шахцёра» ці проста ўпэўненасць, што пераможам?

– Не было нейкай асаблівай падрыхтоўкі. Рыхтаваліся, як звычайна, у тыднёвым цыкле і напрацоўвалі пэўныя моманты, але, на жаль, 0:2. Калі сапраўды, то па гульні я бы не сказаў, таму што лічу, што мы біліся з чэмпіёнам краіны на роўных. На жаль, яны рэалізавалі свае моманты, а мы – не.

– Вяртанне ў «Дынама-Брэст», матчы за дубль, трапленне ў заяўку «асновы», дэбют і цяпер выхад у стартавым складзе. Задаволены тым, як сёлета развіваецца твая кар’ера?

– Пакуль так, задаволены. Хацелася б больш і больш прыбаўляць. Буду працаваць на трэніроўках і даказваць трэнерскаму штабу сваю заможнасць, а трэнеры няхай робяць выбар. Хацелася б, каб у іх быў прыемны галаўны боль па выбары складу.

Мы хочам ізноў папрасіць прабачэння перад заўзятарамі. Восем гульняў і сем паражэнняў – гэта не тое, на што мы разлічвалі. Спадзяюся, яны прыйдуць нас падтрымаць у наступным матчы супраць «Гомеля».

– Як табе, як маладому хлопцу, працаваць з галоўнай камандай?

– Я б не сказаў, што гэта цяжка. Гэта карысна. Нават сёння ў распранальні дасведчаныя хлопцы мяне падтрымалі, таму я асабліва не хваляваўся. Хваляваўся, вядома, але, як кажуць, усё сышло са стартавым свістком, – сказаў Бурак.