Усе навіны

Хаві на гэтым тыдні паведаміць «лішнім» гульцам «Барселоны», што ім варта сысці з клуба

16 траўня 2023, 14:34

На гэтым тыдні галоўны трэнер «Барселоны» Хаві правядзе некалькі сумоўяў з гульцамі, лепшым рашэннем для якіх будзе пакінуць клуб, паведамляе Sport.es.

«Барселона» павінна ажыццявіць шэраг трансфераў на выхад у адпаведнасці з «планам жыццяздольнасці», які быў зацверджаны Ла Лігай. Гэты план павінен быць поўнасцю выкананы, каб каталонцы атрымалі магчымасць падпісваць новых гульцоў летам.

У «Барселоне» не проста так абралі менавіта гэты тыдзень для гутарак Хаві з «лішнімі гульцамі». Такі ход быў бы непажаданым да перамогі ў чэмпіянаце Іспаніі, бо гэта магло негатыўна паўплываць на атмасферу ў камандзе.

Паводле інфармацыі крыніцы, «сіне-гранатавыя» плануюць развітацца з гульцамі, якія ў гэтым сезоне не з'яўляюцца асноўнымі на сваіх пазіцыях. У пералік такіх футбалістаў уваходзяць Феран Торэс, Ансу Фаці, Франк Кэсіэ і Жордзі Альба.