Сяргей Ясінскі: «Чарняк і Руслан Лісаковіч не згуляюць з Андорай – каб прэтэндаваць на высокі ўзровень, патрэбна практыка»
Галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Сяргей Ясінскі перад матчам з Андорай расказаў аб тым, хто не зможа дапамагчы камандзе на полі. Нагадаем, што матч адбору на чэмпіянат Еўропы U-21 адбудзецца 20 чэрвеня а 21:00.
«У цэлым каманда выглядае больш самавітай, чым на папярэдніх этапах. І тут ключавы фактар – багатая гульнявая практыка, якую атрымалі хлопцы. Гэта дазваляе ім расці ў майстэрстве і набірацца ўпэўненасці ў сваіх сілах.
Але ёсць і праблема – не ўсе атрымліваюць дастаткова гульнявога часу. Асабліва гэта тычыцца футбалістаў, якія адправіліся на легіянерскі хлеб. Уласна, гэта асноўная прычына, чаму такія гульцы, як Чарняк, Руслан Лісаковіч, не паляцяць у Андору. Не сумняваемся ў іх высокай кваліфікацыі, але для таго, каб прэтэндаваць на выступленні на высокім узроўні, патрэбна практыка.
З тых, хто гуляў з расіянамі, дома застанецца Мялько – ён атрымаў невялікае пашкоджанне, і мы вырашылі не рызыкаваць», – распавёў Ясінскі.