Усе навіны

Італьянскага журналіста выгналі з прамога эфіру за расізм у бок Лукаку

26 жніўня, 11:00

У Італіі адбыўся чарговы расісцкі скандал вакол былога нападаючага «Інтэра» Рамелу Лукаку.

Падчас тэлеперадачы на тэлеканале Telelombardia мясцовы журналіст і заўзятар «Інтэра» Луіджы Фурыні дазволіў сабе расісцкае выказванне ў бок Лукаку.

Фурыні спрабаваў апраўдаць свой учынак тым, што ўжытае ім слова часта выкарыстоўваецца ў рэп-музыцы, але выданне Football Italia адзначае, што насамрэч журналіст вымавіў «італьянскі варыянт слова, які мае грэблівае і зневажальнае адценне».

Пазней на інцыдэнт адрэагаваў дырэктар Telelombardia Фабіа Равецані: «Не варта жартаваць з расісцкімі словамі (незалежна ад этымалогіі). Мы не прызнаем памылак і непаразуменняў. І запозненых выбачэнняў недастаткова. Мы шкадуем, што такі калега, як Фурыні, дапусціў такую сур'ёзную памылку. Неадкладных дзеянняў не пазбегнуць».

Нагадаем, Лукаку ўжо не ўпершыню стаў ахвярай расізму ў Італіі. У красавіку гэтага года адбыўся гучны скандал, калі Рамелу адсвяткаваў гол «Ювентусу», прыціснуўшы палец да вуснаў з-за расісцкіх выкрыкаў у яго адрас. За той жэст арбітр выдаліў бельгійца.

Цяпер Лукаку блізкі да пераходу ў «Рому», хаця доўгі час вёў перамовы з «Інтэрам». Пасля таго, як 30-гадовы форвард перастаў адказваць на званкі і пачаў перамовы з «Ювентусам», «нерадзуры» адмовіліся ад трансферу бельгійца.