Усе навіны

Сяргей Ігнатовіч: «Да гульні нічыя здавалася добрым вынікам. Але пры 3:1 трэба даводзіць да перамогі»

16 кастрычніка, 00:30

Брамнік зборнай Беларусі Сяргей Ігнатовіч падзяліўся эмоцыямі ад нічыёй са Швейцарыяй (3:3) у матчы кваліфікацыі Еўра-2024.

– Сяргей, раскажы, калі ласка, пра гэты інцыдэнт, калі Паліцевіч у цябе крышку ўехаў. Што там здарылася? Мы ўсе вельмі непакоіліся за цябе.

– Гульнявы момант. Ён як абаронца даігрываў, перакрываў пас уздоўж варот. Ну а я як брамнік лавіў. І атрымаўся такі збег абставін, што ён шыпамі стукнуў мне па твары.

– Нягледзячы на тры прапушчаныя галы ты сёння быў адным з найлепшых на полі. Твае сэйвы на стужачцы – гэта нешта. Як ты ўвогуле сам сябе адчуваеш? Ці задаволены сваёй гульнёй ці не?

– Я, вядома, на першае месца стаўлю вынік камандны. І нічыя ў Швейцарыі з такой кваліфікаванай камандай з топавымі гульцамі – гэта, вядома, дарагога каштуе. Але як развіваўся вынік, 3:1… Канешне, хацелася б большага.

Ну, згулялі 3:3. Я лічу, што ўсе правялі добрую гульню, цярпелі. Былі моманты, калі даводзілася цярпець і гуляць ад абароны. Шмат выручыў, ну і тры прапусціў. Ёсць над чым падумаць. А так усё нармальна.

– Толькі што хлопцы заходзілі ў распранальню. З якім настроем зараз каманда вяртаецца ў распранальню? Што яна зараз думае? Тут як бы, з аднаго боку, нічыя са Швейцарыяй, а з другога боку, увогуле вялі 3:1.

– Змешаныя пачуцці, калі шчыра. Калі б перад гульнёй нам сказалі, што мы згуляем унічыю, я б сказаў, што добры вынік, калі ўлічваць сілу суперніка. Але ведучы 3:1 трэба даводзіць гульню да перамогі. І з-за гэтага такія змешаныя пачуцці, – распавёў Ігнатовіч.