Усе навіны

Аляксандр Глеб: «Алос – аптымальны варыянт для АБФФ»

17 кастрычніка, 22:02

Экс-паўабаронца зборнай Беларусі Аляксандр Глеб падзяліўся меркаваннем аб галоўным трэнеры каманды Карласе Алосе.

– У дадзеных умовах ён – аптымальны варыянт для нашай федэрацыі. У зборнай найперш важная атмасфера ў калектыве. Тактыка – гэта ўжо другарадна. Галоўнае – стварыць такі мікраклімат, каб хлопцы выходзілі на поле і адчувалі сябе адным цэлым. Пакуль іспанец спраўляецца, дае хлопцам правільны настрой.

– Пасля ўчорашняга матчу Алос заўважыў, што зборная Беларусі можа біцца супраць любога суперніка.

– Магчыма, гэта было сказана на эмоцыях.

– Чаму?

– Усё-такі пакуль нашай зборнай не хапае стабільнасці. Нават у матчы са Швейцарыяй дзесьці поспех быў на баку Беларусі. Брамнік Ігнатовіч правёў проста дзіўны матч, менавіта яго я б назваў найлепшым гульцом сустрэчы.

Сапраўды шмат разоў выручыў. А забі гаспадары тры мячы ў першым тайме, мы б зараз нават не абмяркоўвалі гэтую тэму. Ды і на апошніх секундах матчу Волкаў нас рэальна выратаваў, – сказаў Глеб.