Усе навіны

Кірыл Альшэўскі: «Далі пагуляць маладым футбалістам. Яны атрымалі эмацыйны досвед, хваляванне, ціск»

7 лістапада, 21:15

Галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі расказаў пра выбар складу на кубкавы матч супраць «Астраўца».

– Як сёння фармаваўся выбар стартавага складу і ці задаволеныя вы выступам тых гульцоў, хто ў сезоне менш шанцаў атрымліваў?

– Ратацыя відавочная. Мы дастаткова часта гулялі. Далі пагуляць тым футбалістам, якія не атрымлівалі гульнявой практыкі – тут відавочна, для чаго гэта робіцца. Ці задаволены – на жаль ці на шчасце, я скажу пра гэта толькі ім.

– Адсутнасць у заяўцы Ісламавіча з чым звязана?

– Ён захварэў. Літаральна на папярэдняй трэніроўцы ўжо не было. Тэмпература. Зараз вірус, вось у суперніка таксама пару хлопцаў захварэла. А можа і не вірус, а прастудная хвароба. Трэба сябе берагчы, і вы сябе беражыце.

– Як пракаментуеце гульню Сахончыка і Кісялёва, якія выйшлі на замену? Ці выканалі яны пастаўленыя перад імі задачы?

– Яны трэніруюцца з намі ўжо месяц, Сахончык яшчэ больш. Калі з'явілася магчымасць папрактыкавацца ў асноўным складзе каманды, мы гэтую магчымасць выкарыставалі.

Як яны згулялі? Як гэта часта і бывае, калі маладыя футбалісты выходзяць за першую каманду, шмат эмоцый, шмат жадання. Не заўсёды прысутнічае максімальная колькасць думкі, але з улікам таго, што поле вельмі мяккае, яно нейкія дзеянні нівелюе. Той жа Сахончык на трэніроўках спакойна разбіраўся «адзін у адзін» ці «адзін у два», а тут рэальна буксаваў. Каб абʼектыўна сказаць, як яны дзейнічалі, трэба напэўна іншыя ўмовы.

А ў прынцыпе, усё павінна быць патрохі. Яны выйшлі – атрымалі невялікі эмацыйны досвед, нейкае хваляванне, ціск. Яны сябе ў гэтую частку ўпусцілі. Таму гэтую галоўную для сябе задачу яны вырашылі, – распавёў Альшэўскі.