Усе навіны

Ковель пра прагляд у «Арсенале»: «Не ведаў, як выглядае Венгер. Толькі потым зразумеў»

16 лістапада, 22:31

Экс-нападаючы зборнай Беларусі Леанід Ковель падзяліўся ўспамінамі пра прагляд у лонданскім «Арсенале».

– Маім агентам быў Шандор Варга. Я стрэліў у тым сезоне, добра згуляў. З'явілася магчымасць паехаць на прагляд у лонданскую каманду. Мяне тэсціравалі, я трэніраваўся з асновай. Тыдзень там быў, але не ведаў, як выглядае Венгер. Толькі потым зразумеў. Але наколькі гэта класны і просты чалавек! Мы размаўлялі асабіста, за сталом сядзелі на базе, Шандор перакладаў.

Я патрэніраваўся, добра здаў тэсты. Сказалі, што будуць за мною глядзець. А потым у мяне год правальны, вось і ўсё. Не ўдалося, але не шкадую. Я пабываў там, дзе я разумеў, што, можа, мог бы там некалі ўчапіцца, ці ў іншы нейкі клуб. Але я не знерваваўся. Значыць, так трэба было.

Вельмі добра запомнілася, як у пачатку трэніроўкі хлопцы збіраюцца: жанглююць, усміхаюцца – і мяне клічуць. А ў мяне мяч адлятаў на тры метры... Я кажу: не, я пацягнуся! Убаку пацягнуўся і ўсё. Трэніраваўся з Бергкампам, Анры, Юнгбергам, Фабрэгасам. Як зараз памятаю, мяне сустрэлі і ўключылі відэа з усімі галамі Анры. Сказалі. будзеш забіваць, як ён, – сказаў Ковель.