Усе навіны

Сяргей Ігнатовіч: «Ніхто не ведае, што будзе заўтра ў «Шахцёры», хацелася б, каб кіраўніцтва як мага хутчэй зарыентавала»

17 лістапада, 23:59

Брамнік «Шахцёра» Сяргей Ігнатовіч распавёў пра стан клуба і каманды.

– Што зараз адбываецца ў «Шахцёры», а калі дакладней, у каманднай распранальні? Якія ўзаемаадносіны паміж кіраўнікамі клуба, галоўным трэнерам і футбалістамі? Ці ёсць разуменне, што будзе з клубам далей? Якія ўвогуле пераважалі пачуцці ў сувязі з тым, што адбываецца ў футбольным Салігорску?

– Трэнеры і футбалісты ў добрых працоўных адносінах. Атмасфера пад стаць гэтаму: імкнемся рабіць тое, што нам трэба для рашэння задачы не праваліцца ў першую лігу. Канешне, не заўсёды ўсё атрымліваецца. Але ёсць пэўныя абставіны, якія ніяк не садзейнічаюць нашаму поспеху. І на іх футбалісты паўплываць не могуць. А ў тым, што каманда – трэнерскі штаб, гульцы – аддаецца працы цалкам і хоча перамагаць, можаце не сумнявацца.

Зараз канец сезона, яго трэба завяршыць і застацца ў элітным дывізіёне. А далей няхай кіраўніцтва думае, будуе планы. Пакуль у нас няма ніякіх размоў пра будучыню і перспектывы. Ніхто не ведае, што і як будзе заўтра ў «Шахцёры». Хацелася б, каб кіраўніцтва займала больш актыўную пазіцыю і як мага хутчэй зарыентавала гульцоў. Таму што сабралася шмат пытанняў, адказы на якія мы не ведаем, – распавёў Ігнатовіч.