Усе навіны

Трэнер «Цэнтра футбола» Грыгараў: «Дакладна папоўнім Д2. Новы ўзровень для нашых маладых хлопцаў»

19 лістапада, 20:36

Галоўны трэнер брэсцкага «Цэнтра футбола» Вячаслаў Грыгараў пасля перамогі над пінскім «Стэнлесам» (2:1) у матчы за 3-е месца другой лігі заявіў, што яго каманда скарыстаецца сваім правам павышэння ў Д2. Нагадаем, «Цэнтр футбола» – праект экс-боса брэсцкіх «Дынама» і «Руха» Аляксандра Зайцава.

– Турнірную задачу выканалі, хоць я ставіў крыху іншую – выйграць другую лігу. І нам гэта было па сілах. Але правалілі значную частку паўфінальнай сустрэчы з «Партызанам».

– Вы дакладна папоўніце першую лігу?

– Так. Мы заваявалі гэтую магчымасць. Філасофія нашага праекта не мяняецца. Працягнем камплектаваць склад нашымі выхаванцамі. Што да новых задач, то не думаю, што яны адразу ж павінны быць высокімі. У нас гуляюць маладыя хлопцы, і першая ліга для іх – новы, больш сур'ёзны ўзровень. Для пачатку нам трэба абвыкнуцца на гэтым узроўні. Тым больш што наш склад папоўняць дзеці 2008 года нараджэння. А яшчэ для нас важна менавіта развіццё футбалістаў – і не столькі вынік сустрэчы, колькі яе змест. Гэта нашая асноўная мэта.

– Наогул, задаволеныя тым, як каманда правяла сезон?

– Мы перад яго пачаткам праводзілі спарынгі з «Хваляй», са «Слуцкам». І я ўжо тады нацэльваў хлопцаў толькі на максімальныя задачы. А інакш немагчыма іх развіццё. Паўтаруся: нам было па сілах выйграць другую лігу. Хлопцы і самі гэта разумеюць – і былі засмучаныя з-за таго, што гэта не атрымалася, – сказаў Грыгараў.