Усе навіны

Марозаў пасля 0:5 ад Швейцарыі: «Спраўдзілася мара дзяцінства. Згуляў супраць сапраўдных зорак еўрапейскага футбола»

15 снежня, 08:57

Нападаючы мінскага «Дынама» Уладзіслаў Марозаў распавёў аб дэбюце ў еўракубках і складзе зборнай Беларусі.

– Якое ўражанне пакінуў міжнародны дэбют на клубным узроўні?

– Незабыўнае, нягледзячы на няўдалы вынік. Асабліва спадабаўся антураж матча ў Сараева. Нешта падобнае бачыў у гульні за зборную ў госцевым паядынку з румынамі. Так, было моцнае расчараванне ад таго, што не змаглі працягнуць рух па турнірных усходах, але ў той жа час набыў надзвычайны досвед, які, спадзяюся, дапаможа ў наступным.

– Яшчэ адзін твой дэбют – у зборнай – прыйшоўся на гасцявы матч са зборнай Швейцарыі з паразай 0:5.

– Для мяне той паядынак усё роўна застанецца асаблівым. Бо спраўдзілася мара дзяцінства. Згуляў супраць сапраўдных зорак еўрапейскага футбола – Зомера, Аканжы, Джакі. Не важна, пры якіх лічбах на табло гэта здарылася.

Вядома, усімі сіламі імкнуўся выявіць сябе, забіць, але не атрымалася.

– Затое праз тры дні вызначыўся ў сустрэчы з румынамі, варатар якіх Раду выступае ў Англіі. Плюс у чэрвені твой гол дапамог атрымаць доўгачаканую вікторыю над зборнай Косава.

– У гульні з касаварамі ўсе хлопцы рашуча настройваліся на перамогу, бо ў папярэднім паядынку крыўдна саступілі ізраільцянам, прапусціўшы ў канцоўцы. Георгій Кандрацьеў казаў тады, што нам элементарна не хапае фарту. Можа, і сапраўды чагосьці такога не хапала. Але з касаварамі мы згулялі выдатна, – сказаў Марозаў.