Усе навіны

Дзмітрый Камароўскі: «Будзем старацца, каб усе датычныя «Іслачы» былі задаволеныя, паспяховыя і ганарыліся, што з'яўляюцца часткай нашай воўчай сям'і»

31 снежня, 15:40

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі выказаўся ў тэму навагодніх свят.

– Як плануеце сустракаць Новы год? Ёсць нейкія сямейныя традыцыі?

– Я не арыентуюся на нейкія святы і не прывязаны да нейкіх дат. Калі мне захочацца, то ў мяне будзе свята кожны дзень і ніхто не перашкодзіць мне гэта зрабіць. У той жа час мяне ніхто не прымусіць радавацца, калі мне сёння гэта не трэба. Новы год – знакавае свята, але нічога звышнатуральнага не будзе. Буду дома, з сям'ёй, прыедуць у госці сваякі жонкі.

– Што б вы сказалі нашым заўзятарам напярэдадні свят?

– На матчы з заўзятарамі я ўжо падзякаваў ім за падтрымку ў сезоне. Футбол – гэта гульня для заўзятараў. На жаль, у нас пакуль няма магчымасці здабыць свой дом, таму мы пакуль вандруем. Але ўжо некалькі сезонаў гуляем у Маладзечне, нейкае сваё месца ўжо зʼявілася.

Дзякуй усім, хто наведвае нашы дамашнія матчы, а таксама дзякуем тым, хто прыязджае на выязныя паядынкі. Я шмат каго ведаю асабіста, часта кантактуем, маем зносіны. Хочацца, каб заўзятараў станавілася больш, але часам якасць важнейшая за колькасць. За тыя эмоцыі, якія вы нам даяце, мы імкнемся адплаціць сумленнай гульнёй на футбольным полі.

Каманда заўсёды адчувае вашу падтрымку. Мы будзем старацца, каб усе, хто датычны да футбольнага клуба «Іслач», маглі быць задаволеныя і паспяховыя, а таксама ганарыліся, што зʼяўляюцца часткай нашай воўчай сямʼі. Віншую ўсіх з надыходзячымі святамі! – сказаў Камароўскі.