Усе навіны

«Камісія» рэжыму дапусціла 7 гульцоў з «чорнага спісу» ў беларускі футбол

26 студзеня, 14:34
1

26 студзеня ў генпракуратуры рэжыму Лукашэнкі адбылося паседжанне так званай камісіі па разглядзе зваротаў беларусаў, якія прызнаюць сябе парушальнікамі рэжымных правілаў. Яна ў тым ліку разглядала заявы спартсменаў з «чорных спісаў» «мінспорту» на прадмет «магчымасці вяртання да прафесійнай дзейнасці» ў рэжымнай Беларусі.

На цяперашнім паседжанні было прынятае першае за год існавання «камісіі» рашэнне аб «допуску да прафесійнай дзейнасці» ў рэжымнай Беларусі некалькіх спартсменаў. Імі абвешчаныя Аляксандр Гутар, Аляксандр Джыгера, Павел Чыкіда, Даніла Нячаеў, Ілля Бранавец, Уладзіслаў Жук, Дзмітрый Дудар.

Як паведаміла «мінспорту», «камісія» прыняла рашэнне ў сувязі з:

• «шчырым раскаяннем і прызнаннем сваіх памылак, здзейсненых у 2020 годзе»;

• «актыўным удзелам у значных мерапрыемствах, накіраваных на падтрымку дзяржаўнага ладу»;

• «абавязацельствам павагі дзяржаўных сімвалаў»;

• «абавязацельствам развіцця беларускага спорту і годнага прадстаўлення Рэспублікі Беларусь у спартыўных мерапрыемствах».

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведаміла пра стварэнне ў беларускім футболе «чорнага спісу» ад «мінспорту» як мінімум з 48 прозвішчаў. У асноўным у яго ўвайшлі ўдзельнікі відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га, у якім зняліся і ўсе сем цяпер «дапушчаных» «камісіяй» футбалістаў. З фігурантамі спісу было забаронена заключаць кантракты ўсім клубам, якія атрымлівалі «дзяржпадтрымку». Пазней стала вядома, што «мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах.

Адзначым, што ва УЕФА ніяк не адрэагавалі на сітуацыю ўмяшання рэжыму ў футбол, нягледзячы на шэраг запытаў.