Усе навіны

Дзмітрый Камароўскі: «Шмат хлопцаў з дубля трэніравалася з асновай. Яны развіваліся, засвойвалі нашы патрабаванні»

28 студзеня, 21:42

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі распавёў пра кадравыя змены ў камандзе.

– Ці падаўжае кантракт Патоцкі?

– Не ведаю. Гэта трэба ў самога Алега пытацца.

– Дзе Ібрагім?

– Таксама без паняцця. Калі каманда сабралася разам пасля адпачынку, яго да таго часу з намі не было. Як няма і дагэтуль.

– Зімін правёў восем матчаў мінулага чэмпіянату, але і ён па-за камандай. Што з ім?

– Пакуль тут таксама без канкрэтыкі. Арцёму ўжо дваццаць, яму патрэбна гульнявая практыка. Хлопец добрасумленны. Стараўся якасна выконваць усю працу на трэніроўках. Таму зараз будзем шукаць такія формы супрацоўніцтва, якія задаволяць абодва бакі.

– Пракаментуйце кантракт Гуза з маскоўскім «Тарпеда».

– На Сашу звярнулі ўвагу. Ён стабільна правёў мінулы сезон. Быў гульцом нашага стартавага складу. Вядома, гэта страта. Але, калі здараюцца такія трансферы, гэта радуе нас – і мы самі рады за гульца. А калі гэта яшчэ і прыносіць нейкі прыбытак, то тым больш добра. Такія рынкавыя адносіны. Футбол – гэта ж яшчэ і бізнэс.

– Былі загадзя гатовыя да таго, што Пігас пакіне каманду?

– Так. Ведалі, што да яго праяўляе цікавасць мінскае «Дынама». Гэта і размовамі падмацоўвалася. Але здагадак можа быць шмат. А канкрэтыка з'явілася толькі цяпер.

– Ціхамірава вы пазычалі «Арсеналу» з Дзяржынска, дзе ён правёў другую частку мінулага сезону. Цяпер застаецца з вамі?

– У яго кантракт з «Іслаччу». Ён з намі трэніруецца, працуе на зборы. А далей паглядзім. Можа быць усё што заўгодна. Кабачэўскі? Яму падшукваюцца варыянты працаўладкавання.

– Спарынг са «Слуцкам» правялі Пяршын, Маслоўскі і Кобееў. Што далей?

– Пяршын працягвае з намі працаваць. З Кобеевым, наколькі разумею, ужо заключаны кантракт. Што тычыцца Маслоўскага, то мне трэба яшчэ раз перагледзець гэты матч са «Слуцкам».

– Ваша моладзь – Варановіч, Шаўчэнка, Давідовіч, Мядзведзеў – ужо папоўніла аснову?

– Мы і раней такое практыкавалі. Шмат хлопцаў з дубля трэніравалася з асновай. І дзякуючы гэтаму яны развіваліся, засвойвалі нашы патрабаванні. А ці папоўняць аснову гэтыя хлопцы, будзе залежаць толькі ад іх саміх. Ад жадання працаваць, ад выканання нашых патрабаванняў і гэтак далей, – сказаў Камароўскі.