Усе навіны

Арцём Шкурдзюк: «Пасля першага разрыву «крыжоў» быў энтузіязм, але ў моманце трэцяй траўмы зразумеў, што ўсё – скончыў»

2 лютага, 11:48

Беларускі абаронца Арцём Шкурдзюк расказаў, што вымусіла яго завяршыць кар'еру ў 25 гадоў.

– Прызнаюся, крыху ашаламіў завяршэннем карʼеры.

– Здароўе важней.

– Як спела гэтае рашэнне?

– Пасля першай траўмы ў мяне быў энтузіязм. Мне 21 год, яшчэ ёсць перспектывы. Ды і я не надта разумеў, як гэта аднаўляцца пасля разрыву «крыжоў». Ведаў, што цяжка, але пазітыў пераважаў. Другі раз ужо зʼявіліся думкі, што трэба заканчваць. Ды і я ўжо праходзіў праз нуднае і цяжкае аднаўленне і рэабілітацыю. Было нашмат цяжэй і без матывацыі. Я быў у «Энергетыку-БДУ». Ну, каму я буду патрэбен з гэтымі «крыжамі»? Але аказалася, што мной зацікавіўся «Гомель» і гэта дало штуршок да таго, каб вярнуцца. Брат і бацькі падбадзёрылі і яшчэ больш завялі.

А ў моманце трэцяй траўмы зразумеў, што ўсё – скончыў.

– Як гэта здарылася?

– Старт мінулага чэмпіянату. Самы пачатак матча супраць «Белшыны». Выстаўляю нагу, прызямляюся і разумею, што калена «выскачыла». Неяк дагуляў эпізод... Магчыма, на адрэналіне і эмоцыях. Таму што бягу, а калена «выскоквае». Разумеў, што хана, але нават не дазволіў ці то ўдарыць, ці то прастрэліць суперніку. Мяч выйшаў за межы поля, я спыніўся, і пачаўся боль у калене. Слёзы самі паліліся з вачэй. Пазл склаўся – канец.

Падбеглі лекары, а я ў каленях разбіраюся ж ужо, кажу: «Зрабіце тэст «шуфлядка». Ходзіць калена?». Правяраюць: «Так, ёсць люфт». Потым высветлілася, што ў мяне акрамя «крыжоў» яшчэ і частковы разрыў меніска, які трэба выдаляць. Але я разумеў, што яшчэ адну аперацыю на «крыжах» рабіць не буду. Але потым усё ж зрабіў.

– Ты адзін прымаў рашэнне ці з кімсьці раіўся?

– Адзін. Перагаварыў са спартовым дырэктарам «Гомеля», сышліся на думцы, што здароўе важней. І расталіся. Я ўдзячны клубу за тое, што прынялі мяне, падтрымалі ў цяжкую хвіліну і не кінулі, – сказаў Шкурдзюк.