Усе навіны

Арцём Шкурдзюк: «Пакуль быў траўмаваны, стаў вывучаць іншыя сферы, акунацца ў нешта новае»

2 лютага, 13:56

Беларускі абаронца Арцём Шкурдзюк, які завяршыў кар'еру ў 25 гадоў, расказаў пра сваё пазафутбольнае жыццё.

– Цяжка без гульні?

– Пакуль быў траўмаваны, крыху страшна было задумвацца пра тое, а што ты ўмееш акрамя футбола. Мне ж не 18 гадоў. Трэба было думаць, шукаць сябе. Я пачаў вывучаць іншыя сферы, акунацца ў нешта новае. На гэта патрабавалася шмат часу. І так выйшла, што футбола станавілася ўсё менш, цікавасць згасала. Цяпер сачу за «Гомелем», БАТЭ, «Энергетыкам». Але не больш за тое. Пераключыўся.

– Чым займаешся?

– Разам з братам працую ў турфірме. Мне заўсёды падабалася падарожнічаць, глядзець новыя краіны. Ну і вырашыў паспрабаваць. Цяпер падбіраю туры для людзей. Так што калі камусьці трэба, звяртайцеся!

– За час прастою ў цябе зʼявіліся новыя захапленні. Па-першае, пачаў маляваць.

– Мне заўсёды падабалася карпатлівая праца. Я ў дзяцінстве вельмі любiў пазлы. Магчыма, карані ідуць ад гэтага. Малюю гелевай ручкай. Адкрываю камп'ютар, выбіраю карцінку і наперад.

– Можа, ужо час міні-выставу рабіць?

– Не, гэта ўсё строга для свайго асабістага архіва.

– Па-другое, палюбіў чытанне.

– У нейкі момант падумаў: блін, сяджу ў тэлефоне і ўсё. Стаў наведваць мерапрыемствы культурныя – выставы, да прыкладу. Пачаў чытаць. Раней любіў дэтэктыўныя фільмы, а зараз перасеў за кнігі. І цікава, і слоўнікавы запас падвышае. Магу зараз тры словы звязаць.

Мне вельмі падабаецца ў бібліятэку хадзіць і выбіраць кнігі. У асноўным на месяц бяру чатыры кнігі. На выбар вытрачаю па паўгадзіны. Прыйду, стану каля стэлажа і гартаю, вывучаю змест. Калі набіраецца больш чатырох кніг, проста па лічылцы адсяваю, каб было чатыры.

Я люблю дэтэктывы. Ёсць серыя кніг «Дэтэктыў. Новы ўзровень». Там ужо каля 28 кніг, я амаль усё прачытаў. Некаторыя па два разы.

– Ну, і, па-трэцяе, крыху нечакана, здарыўся паход на балет.

– Так, на «Шчаўкунок». Зразумеў, што гэта ўвогуле не маё. Але было цікава паглядзець спецыфіку балета, глянуць Вялікі тэатр. Спектакль быў з трох актаў. У першым было цікава, на астатніх я ледзь не заснуў. Таму зараз буду вяртацца ў тэатр, але класічны. Дзе ўсё зразумела: хто каму кажа і што робіць, – адказаў Шкурдзюк.