Усе навіны

Падпісант за рэжым Волкаў: «У войска не хацелася б, у мяне бронь ад зборнай Беларусі. Нават калі б не гэта, гуляць за яе – гонар»

8 лютага, 12:44

Беларускі абаронца «Хімак» (Рaсiя, Д2), падпісант рэжымнага ліста спартсменаў Захар Волкаў распавёў пра свой досвед з ваенкаматам.

– Выезд у Хабараўск – самы запамінальны ў кар'еры?

– Я яго прапусціў, таму што быў дома ў ваенкамаце. Але ўдалося злётаць, калі з «Хімкамі» гулялі стыкавы матч у РПЛ. Іншы часавы пояс, штучнае поле даюць аб сабе ведаць, гуляць там вельмі цяжка. Такія рэаліі, усe лётаюць – адзін раз адмучыўся і нармальна

– Што за гісторыя з ваенкаматам?

– Тэхнічны момант. Мяне выклікалі па позве, а ў гэты час дачцы споўнілася тры гады, і я не змог з'явіцца ў ваенкамат.

– У цябе ваенны білет ёсць?

– Не, адтэрміноўка ад зборнай Беларусі. Федэрацыя падае спісы, табе выдаюць броню на год.

– У тваіх інтарэсах гуляць за зборную як мага даўжэй.

– Нават калі б не войска, гуляць за зборную – гонар. І мне вельмі шкада, што не можам іграць у родных сценах. А ў Будапешце, дзе зборная выступае на нейтральным полі, нашым заўзятарам зачынены ўваход на стадыён.

– Без адтэрміноўкі могуць забраць служыць?

– Спакойна могуць забраць. І ў нас ёсць хлопцы, якія адслужылі і зараз гуляюць у футбол на высокім узроўні.

– Ты сябе ўяўляеш маршыруючым па пляцы?

– Не хацелася б. Я выдатна разумею, што вайскоўцы – людзі няпростыя і ўсе неабходныя працэдуры трэба выконваць у тэрмін, але ў мяне крыху зацягнуўся паход у ваенкамат. Нічога – з'ездзіў, адзначыўся, усё нармальна, гуляем далей, – сказаў Волкаў.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.