Усе навіны

Карлас Алос: «Расіяне – моцны супернік. Для мяне гэты матч стаў бы асаблівым – першым па-сапраўднаму хатнім. Спадзяюся, ён адбудзецца»

22 лютага, 23:53

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос распавёў пра найбліжэйшыя спарынгі каманды.

– У сакавіку зборнай чакаюць спарынгі з Чарнагорыяй і Мальтай. Гэтыя супернікі вас задавальняюць?

– Цалкам. Чарнагорцы – моцная каманда, па стылі не вельмі адрозная ад тых жа балгараў. Яны нядрэнна выступілі ў адборы чэмпіянату Еўропы і ў рэйтынгу ФІФА займаюць больш высокае месца, чым мы. Мальтыйцы ў гэтай класіфікацыі размяшчаюцца ніжэй за нас, але матч з імі стане добрым тэстам на полі суперніка.

– Пры выбары апанентаў на таварыскія паядынкі Федэрацыя ўлічвае вашы пажаданні?

– Вядома, мы ўвесь час у кантакце. Былі розныя варыянты, але вырашылі згуляць з гэтымі двума камандамі. Федэрацыя прапанавала, і я пагадзіўся. Адзін матч, з чарнагорцамі, правядзем на нейтральным полі ў Турцыі, а другі – на выездзе, у прысутнасці заўзятараў суперніка. Так, відавочна, будзе і ў Лізе нацый.

– Калі каманда пачне збор?

– 18 сакавіка, прычым у той жа дзень адправімся ў Турцыю. У поўным складзе збярэмся ўжо там, каб не губляць часу дарма. Бо многія футбалісты выступаюць за мяжой.

– Калі назавеце склад на гэтыя матчы? І ці чакаць новых імёнаў?

– Арыентыровачна за 15 дзён да збору. А пачаткоўцы, думаю, будуць. Я задаволены камандай, якая праводзіла апошнія матчы мінулай восенню, і яе касцяк захаваецца. У той жа час дарога ў зборную адкрыта для ўсіх, і хацелася б выкарыстоўваць спарынгі ў тым ліку для праверкі некаторых кандыдатаў у каманду.

– Вядома, што ў чэрвені ў Мінску можа прайсці таварыская сустрэча са зборнай Расіі…

– Было б выдатна! Вельмі хочацца нарэшце згуляць дома. Да таго ж расіяне – моцны супернік. Для мяне гэты матч стаў бы асаблівым – першым па-сапраўднаму хатнім. Спадзяюся, ён адбудзецца, – сказаў Алос.