Усе навіны

Арцём Чалядзінскі: «Калі б мы ведалі загадзя каляндар ЧБ, то спарынг з БАТЭ не праводзілі б»

26 лютага, 22:44

Трэнер «Мінска» Арцём Чалядзінскі ацаніў вынікі лёсавання вышэйшай лігі.

– Так, можна сказаць, што «Мінску» на старце дасталіся моцныя супернікі, але ў сезоне нам трэба будзе згуляць з усімі. У якім туры гэта будзе: ў першым ці ў пятнаццатым, думаю, розніцы асаблівай няма. У любым выпадку трэба гуляць. Вядома, зараз цяжка казаць дрэнна гэта ці добра.

Калі вынік для нас будзе станоўчым, тады скажам добра, ну а калі наадварот, але можна было думаць пра лепшае лёсаванне, каб у пачатку, згуляць з больш сярэднімі супернікамі, з якімі можна было канкураваць.

– У першым туры вас чакае БАТЭ, з якім мы гулялі літаральна пару дзён таму…

– Гэтым спарынгам я застаўся задаволены, нашы хлопцы паглядзелі сябе на фоне знакамітага суперніка і месцамі паказалі, што і моладзь можа гуляць супраць такога тытулаванага клуба.

Да стартавай гульні з барысаўчанамі яшчэ ёсць час, амаль тры тыдні і за гэты час можна нешта падкарэкціраваць, магчыма, з'явяцца новыя гульцы, таму гэты матч з БАТЭ трэба разглядаць як кантрольную гульню ў падрыхтоўчы перыяд, у чэмпіянаце ўсё будзе па-іншаму.

Мяне больш непакоіць атрыманая ў матчы сурʼёзная траўма нашага вядучага футбаліста Глеба Гурбана. Але, напэўна, калі б мы ведалі загадзя каляндар, то магчыма не праводзілі б гэты спарынг.

– У другім туры заўзятараў «гараджан» чакаюць сталічнае дэрбі. Для вас гульня з «Дынама» будзе прынцыповай?

– За перамогу над мінскім «Дынама» даюць тыя ж тры ачкі, што і за выйгрыш у «Смаргоні», «Тарпеда-БелАЗ» ці БАТЭ. Калі б за перамогу над чэмпіёнам давалі больш...

А прынцыповай гэта гульня будзе ў тым плане, што на фоне «Дынама» мы можам паглядзець свае сілы, праверыць свае якасці, – сказаў Чалядзінскі.