Усе навіны

Арцём Чалядзінскі: «Магу сказаць гульцам «Мінска», што трэба выйграць залатыя медалі, але ці рэальна гэта зрабіць?»

8 сакавіка, 15:26

Галоўны трэнер «Мінска» Арцём Чалядзінскі расказаў аб падрыхтоўцы да новага сезона.

– Якія мэты на сезон ставіць кіраўніцтва? Мусіць, захаванне прапіскі гучыць занадта лёгка.

– Гэта нялёгка. У любым выпадку, асноўная задача – навучыць хлопцаў гуляць у футбол. Пераход з дзіцяча-юнацкага ў дарослы – гэта вельмі складана. Былі б у нас вопытныя футбалісты, то лягчэй было б. Калі браць наш чэмпіянат, то наша каманда самая маладая. Паглядзім, як яно пойдзе, але будзем старацца. Верым, што пакажам добры вынік. Задача на сезон – умець выйграваць матчы.

– Не абмяркоўвалі, якое месца трэба ў ідэале заняць?

– Можна ж сказаць і першае месца, але пытанне ў тым, як яго рэалізаваць? Мы павінныя рэальна ацэньваць сітуацыю, якая на дадзены момант ёсць у нас у камандзе. Магу сказаць рабятам, што трэба выйграць залатыя медалі, але ці рэальна гэта зрабіць? Гэта цяжка, вельмі цяжка. Разумеем, што ёсць калектывы, якія лепш укамплектаваны, чым мы. Трэба развівацца, каб хлопцы потым маглі кудысьці з'яжджаць і тым больш прыкладаў шмат. Вось гэта, мусіць, і асноўная задача: атрымаць досвед і з'ехаць гуляць на высокі ўзровень, – сказаў Чалядзінскі.