Усе навіны

Арцём Чалядзінскі: «Мінску» не хапае паўнаты складу ў плане ратацыі, каб можна было ўзмацніць гульню»

31 сакавіка, 20:46

Галоўны трэнер «Мінска» Арцём Чалядзінскі пракаментаваў нічыю з мінскім «Дынама» (0:0).

– У прынцыпе, я задаволены арганізацыяй гульні, асабліва ў першым тайме. Адзінае, чаго пакуль не хапае – рэалізацыі галявых момантаў, якія мы ствараем. Над гэтым трэба працаваць. Можна павіншаваць некаторых маладых хлопцаў, якія сёння дэбютавалі. Гэта вельмі добра. На другі тайм нам крыху не хапае рэсурсу ў дадзены момант, паколькі некаторыя хлопцы атрымалі траўмы, хтосьці пасля хваробы. Нам не хапае паўнаты складу ў плане ратацыі, каб можна было яшчэ кагосьці выпусціць і ўзмацніць гульню.

– Наколькі гэты матч асабіста для вас быў прынцыповым?

– Цяжка сказаць. Так, каб вельмі прынцыповым – не. На футбольным полі не я, а хлопцы, яны паказваюць сваё майстэрства.

– Пасля матчу з «Нёманам» вы сказалі, што каманда пакуль не гатовая гуляць супраць такіх спаборнікаў. Можа быць, ёсць за гэты час прагрэс у гэтым плане?

- Прагрэс ёсць заўсёды. Асабліва калі футбалісты гуляюць і атрымліваюць досвед з такімі камандамі, як «Нёман», БАТЭ мінскае «Дынама». Але да чаго мы вяртаемся: правялі чатыры афіцыйныя гульні – і ні разу не забілі. Плюс за чатыры матчы ні разу не згулялі ў структуры, дзе ў нас адзін і той жа склад абароны. Пакуль што ўвесь час ідзе ратацыя. Гэта звязана і з хваробамі, мікратраўмамі, яшчэ нейкімі момантамі. Мы зможам расці, калі будзем гуляць і паказваць такія эпізоды, як у матчы з «Нёманам», калі два разы выходзілі сам-насам, не рэалізавалі, і ў сустрэчы ў адказ былі моманты. І з БАТЭ былі, і сёння з «Дынама». Але пакуль пакутуе рэалізацыя, – сказаў Чалядзінскі.