Усе навіны

Бярозкін пра гульню за «Кызыл-Жар»: «Ідзем крок за крокам, шмат трэніруемся»

10 красавіка, 17:21

Беларускі паўабаронца Яўген Бярозкін падзяліўся ўражаннямі ад гульні ў «Кызыл-Жары».

– Якая задача стаіць перад вашай камандай?

– Унутры калектыву ўсё ставяць для сябе вялікія задачы. Трэнер і яго памагатыя матывуюць на поспех у кожнай гульні, няхай гэта будзе чэмпіянат, Кубак ці таварыскі матч. Ідзем крок за крокам, шмат трэніруемся. Хочацца верыць, сёлета атрымаецца нечага дасягнуць.

– У параўнанні з мінулым годам вы адзіны беларус, які застаўся ў «Кызыл-Жары». Чаму, на вашу думку, беларускі дэсант скараціўся да мінімуму?

– Цяжка сказаць. Гэта рашэнне трэнера і кіраўніцтва, каго яны жадаюць бачыць у камандзе. Мне прапанавалі застацца – я з задавальненнем пагадзіўся.

– Была інфармацыя, што ў міжсезонне ў «Кызыл-Жар» перабраўся брамнік Канстанцін Рудзянок. Аднак ён так і не стаў вашым аднаклубнікам. Чаму сарваўся пераход?

– Тут таксама цяжка нешта каментаваць. Наколькі мне вядома, там былі нейкія асабістыя прычыны, з-за якіх Косця не застаўся ў камандзе.

– Наколькі вам камфортна ў Петрапаўлаўску ў бытавым плане?

– У побыце ўсё нармальна. Здымаю кватэру, як і ўсюды, ёсць крамы і гандлёвыя цэнтры – можна выйсці ў горад паесці або выпіць кавы. Так што ў гэтым пляне ніякіх праблем. Адзінае – сям'я прыязджае не на працяглы тэрмін і перыядамі. У дзіцяці ў Мінску сад і мноства розных секцый: плаванне, англійская мова, мадэльная школа… Плюс часам сын ходзіць да выкладчыка на ўсякія «развівашкі». Дарэчы, усё робіць з задавальненнем – гэта каб вы не думалі, што мы яго прымушаем, – сказаў Бярозкін.