Усе навіны

Арцём Чалядзінскі: «Мінску» не хапае дасведчанага футбаліста, які павядзе за сабой каманду»

15 красавіка, 14:52

Галоўны трэнер «Мінска» Арцём Чалядзінскі падзяліўся меркаваннем пра матчы з брэсцкім «Дынама» (0:3) у чацвёртым туры ЧБ і пра працу з клубам.

– Чаму гульцы «Мінска» пастаянна фалілі на форвардзе гаспадароў Германе Баркоўскім? Гэта была спецыяльная тактыка?

– Не. Трэба разумець антрапаметрыю Баркоўскага і антрапаметрыю гульца нашай каманды – Дзіхціеўскага. У нас не атрымлівалася згуляць у мяч і за кошт таго, што Герман з'яўляецца дасведчаным футбалістам, ён ведае як згуляць корпусам.

– Вы працавалі раней у мінскім «Дынама». У гэтай каманды сабраны больш дасведчаныя футбалісты, чым у вашым сёлетнім клубе. Сярэдні ўзрост гульцоў «гараджан» складае 21 год. Ці цяжка было вам пераналаджвацца на працу з іншым калектывам?

– Адкажу, што не, не цяжка. Перш чым патрапіць у першую каманду менскага «Дынама», тры гады адпрацаваў у дублі сталічнага клуба, мы выйгравалі чэмпіянат. Праблема ў тым, што там быў дзіцяча-юнацкі футбол. Цяпер, калі я працую з «Мінскам», адчуваю, што нам не хапае дасведчанага футбаліста, таго гульца, які павядзе за сабой каманду. Наша каманда стала за сезон маладзейшая. Некаторыя футбалісты яшчэ не гатовы псіхалагічна да вышэйшай лігі. Праз гульні і трэніровачны працэс яны змогуць расці, – сказаў Чалядзінскі.