Tribuna/Футбол/Блогі/Кранальная гісторыя Энца Фернандэса: 15-гадовым хлапчуком напісаў ліст Месі, каб той не сыходзіў са зборнай, а на гэтым ЧС забіў з перадачы Леа

Кранальная гісторыя Энца Фернандэса: 15-гадовым хлапчуком напісаў ліст Месі, каб той не сыходзіў са зборнай, а на гэтым ЧС забіў з перадачы Леа

«Як нам пераканаць вас, калі мы простыя смяротныя?»

1 снежня 2022, 16:43
Кранальная гісторыя Энца Фернандэса: 15-гадовым хлапчуком напісаў ліст Месі, каб той не сыходзіў са зборнай, а на гэтым ЧС забіў з перадачы Леа

Матч з Мексікай падарыў Аргенціне шанцы на плэй-оф чэмпіянату свету, а балельшчыкам – яшчэ адну крутую гісторыю.

Яна пачалася ў 2016 годзе, калі журналісты сустрэлі прыгнечанага Месі пасля фіналу Кубка Амерыкі. Два гады таму ён прайграў фінал ЧС, а зараз не забіў пасляматчавы пенальці ў гульні з Чылі. А потым яшчэ і вырашальны промах Більі прадвызначыў, што Месі зноў застаецца без трафеяў на ўзроўні зборных. «Са зборнай скончана», – эмацыйна выпаліў Леа - і наўрад ці ён у той момант разумеў, які ўплыў будуць мець яго словы.

На наступны дзень 15-гадовы юнак, які пачуў словы Месі, напісаў вельмі мудры пост у фэйсбуку, у якім звяртаўся да Леа:

"Як нам пераканаць вас, калі мы простыя смяротныя? Як нам пераканаць вас, калі ў сваім жыцці мы адчувалі ўсяго 1% ад таго ціску, які вы адчуваеце на сваіх плячах? Вы ўстаяце раніцай, глядзіце ў люстэрка і разумееце, што 40-мільённы натоўп жадае, каб вы былі ідэальным, і па нейкай недарэчнай прычыне яны лічаць, што могуць гэтага патрабаваць.

Як нам пераканаць вас, калі мы да гэтага часу не зразумелі, што вы такі ж чалавек, так, з непераўзыдзеным талентам, лепшы гулец на планеце, але ўсё роўна чалавек. Як нам пераканаць вас? Мы нават не можам зразумець, што вы не вінаватыя ў тым гневе, што ахоплівае нас пасля параз, што ёсць толькі адлюстраванне нашага расчаравання.

Як нам пераканаць вас, калі цэлы свет лісліва нашэптвае, што ў адпачынку вы маглі б ляжаць на пляжы замест таго, каб абараняць нашы колеры і спяваць аргенцінскі гімн.

Вядома, вы павінны рабіць так, як хочаце, але, калі ласка, падумайце аб тым, каб застацца. Але зрабіце гэта, каб атрымліваць задавальненне, якое людзі адабралі ў вас. Гэты неверагодны ціск пазбаўляе гульню найважнейшага – весялосці.

У дзяцінстве вы напэўна марылі аб тым, каб выступаць за зборную. Калі мы бачым, як вы гуляеце ў бела-блакітным, нас перапаўняе неверагодны гонар. Так гуляйце дзеля задавальнення, таму што калі вы забаўляецеся на поле, вы нават не ўяўляеце, як весела нам".

Як вы ўжо здагадаліся, гэтым хлопцам быў Энца Фернандэс, які праз шэсць гадоў упаў у абдымкі свайго куміра пасля гола ў вароты Мексікі на ЧС-2022. Хлопец мог бы стаць пісьменнікам ці журналістам, але абраў іншы шлях. Пакідаць зборную Леа даволі хутка перадумаў, а вось Энца працягваў працаваць над здзяйсненнем уласнай мары – і стаў самым маладым гульцом, якога Скалані выклікаў на ЧС у Катары.

Здаецца, юны гулец ужо здолеў знайсці агульную мову са сваім кумірам, бо пасля матчу з мексіканцамі Леа рассыпаўся ў кампліментах юнаму партнёру: «Я не здзіўлены Энца, таму што я ведаю яго і бачу, як ён трэніруецца кожны дзень. Я гуляў супраць яго ў Лізе чэмпіёнаў, ён гэтага заслугоўвае таму, што ён выдатны хлопец, вельмі важны гулец для нас».

Энца таксама не хаваў свайго захаплення і ўспамінаў, як глядзеў на Месі па тэлевізары, а зараз можа абдымацца з ім. Тым больш, што за зборную ён дэбютаваў толькі ў канцы верасня.

Цяпер Фернандэс гуляе за «Бенфіку», якая абышла «ПСЖ» Месі ў турнірнай табліцы ЛЧ і заняла першае месца ў групе. Малады аргенцінец забіў два галы ў кваліфікацыі, а на групавым этапе аддаў два асісты. За ім ужо палююць сусветныя топы, а пасля чэмпіянату свету цана толькі вырасце.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Фота: Pawel Andrachiewicz/Global Look Press, Naoki Morita/Global Look Press

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты