Tribuna/Футбол/Блогі/Топавы перформанс Месі: зрабіў гол+пас у паўфінале ЧС і ўстанавiў некалькі эпахальных рэкордаў

Топавы перформанс Месі: зрабіў гол+пас у паўфінале ЧС і ўстанавiў некалькі эпахальных рэкордаў

Найлепшы гулец турніру?

14 снежня 2022, 11:25
Топавы перформанс Месі: зрабіў гол+пас у паўфінале ЧС і ўстанавiў некалькі эпахальных рэкордаў

Зборная Аргенціны працягвае жыць сваёй галоўнай марай – падапечныя Ліянэля Скалоні разабралі харватаў у 1/2 чэмпіянату свету (3:0) і ўпэўнена выйшлі ў фінал, у якім ужо чакаюць пераможцу пары Францыя – Марока.

Пасля матчу будуць шмат казаць пра аўтара дубля Хуліяна Альварэса, але разам з ім чарговы выдатны паядынак на ЧС правёў і Ліянэль Месі. Капітан «альбіселестэ» рэалізаваў пенальці ў першым тайме, а ў другім вызначыўся галявой перадачай пасля таго, як пакінуў у дурнях разхайпаванага Ёшку Гвардыёла.

Але гэтая сустрэча стала асаблівай для Леа яшчэ і таму, што ён устанавiў адразу некалькі рэкордаў – некаторыя з іх сапраўды эпахальныя:

• Матч супраць Харватыі стаў для Месі 25-м на чэмпіянатах свету. Такім чынам, ён абышоў Міраслава Клозэ і паўтарыў рэкорд Лотара Матэуса па колькасці матчаў на ЧС. У нядзельным фінале Леа, калi выйдзе на поле, стане аднаасобным рэкардсменам;

• Рэалізаваўшы пенальці ў вароты Лівакавіча, Месі забіў свой 11-ы гол на ЧС і стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі турніру сярод аргенцінцаў. Раней рэкорд належаў легендарнаму Габрыэлю Бацiстуце (10 галоў);

• Са сваім 11-м голам Леа таксама стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянатаў свету сярод дзейных футбалістаў. Напярэдадні ЧС-2022 ім быў Томас Мюлер (10 галоў);

• Леа стаў першым аргенцінцам, які забіваў у трох розных матчах плэй-оф аднаго чэмпіянату свету. Да турніру ў Катары ў яго не было ніводнага мяча на гэтай стадыі;

• Таксама Месі стаў самым узроставым гульцом, які забіў 5 галоў на адным ЧС;

• Матч супраць Харватыі стаў ужо 13-м для Леа на чэмпіянатах свету, у якім аргенцінец вызначыўся голам або асістам. Акрамя яго, толькі ў «містара ЧС» Раналду ёсць такая ж колькасць гульняў з выніковымі дзеяннямі.

Фота: Lars Baron/Global Look Press

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты