Tribuna/Футбол/Блогі/Гэтае трыа будзе стрымліваць монстраў «Сіці»: адзін перамог рак, другі пайшоў на скарачэнне зарплаты, трэці не баіцца Холанда

Гэтае трыа будзе стрымліваць монстраў «Сіці»: адзін перамог рак, другі пайшоў на скарачэнне зарплаты, трэці не баіцца Холанда

Згулялі разам у цэнтры абароны ўсяго 12 матчаў.

9 чэрвеня, 15:49
Гэтае трыа будзе стрымліваць монстраў «Сіці»: адзін перамог рак, другі пайшоў на скарачэнне зарплаты, трэці не баіцца Холанда

Здаецца, ужо ўсе выказаліся пра тое, як мала шанцаў на поспех у фінале ЛЧ мае міланскі «Інтэр». Тут як мінімум два аргументы, з якімі складана паспрачацца. Першы – параўнальна лёгкая сетка, па якой «нерадзуры» крочылі да матчу ў Стамбуле. «Порту», «Бенфіка» і «Мілан» выклікаюць павагу, але не страх. Другі аргумент – ашаламляльная форма «Сіці». Каманда Пепа ідзе на трэбл і сапраўды зробіць усё магчымае, каб нарэшце ўзяць трафей, пра які ў блакітнай частцы Манчэстэра мараць з 2009-га.

Фанаты «Інтэра» маюць не так шмат, чаго адказаць. Ды і надзеі звязаныя, перш за ўсё, з тым, што гульцам абароны ўдасца выдаць матч усяго жыцця. У распараджэнні Індзагі дзясятак абаронцаў, якіх падчас сезона ў чэмпіянаце, Кубку і ЛЧ Сімоне спрабаваў у розных варыяцыях. Але няма сумневаў у тым, якая тройка выйдзе ў цэнтры абароны стамбульскага фіналу.

З матча ў адказ супраць «Порту» у 1/8-й фіналу трэнер «нерадзуры» выпускае ў старце ЛЧ выключна набор Бастоні – Ачэрбі – Дарміян (а Думфрыс і Дымарка гуляюць на флангах). Гэты звязак давёў сваю сілу, стаўшы адной з прычын, чаму міланскі клуб зайшоў так далёка.

Цікава, што ўпершыню ўтрох яны выйшлі на поле нядаўна – усяго 28 студзеня, у матчы чэмпіянату супраць «Крэманэзе». Гэта было вымушанае рашэнне, паколькі асноўны цэнтральны абаронца Мілан Шкрыньяр атрымаў дыскваліфікацыю праз перабор жоўтых карт, а Індзагі вырашыў паставіць у пару да Бастоні і Ачэрбі правага абаронцу Дарміяна (а не профільных дэ Урэя або Д'Амброзіа), які раней хоць і гуляў на пазіцыі цэнтрбека, але больш разглядаўся як латэраль.

На пачатак захаваць вароты «сухімі» не ўдалося, але выязны матч супраць «Порту», на які Сімоне зноў выпусціў тую ж тройку, канчаткова пераканаў трэнера, што як мінімум у матчах ЛЧ у цэнтры абароны больш не варта нічога мяняць. Працуе – і добра.

Але ў гульнях чэмпіянату Італіі трэнер часта звяртаецца да іншых варыянтаў – з тымі ж дэ Урэем або ДʼАмброзіа. Проста факт: у Серыі А на рахунку звязкі Бастоні – Ачэрбі – Дарміян столькі ж матчаў, колькі ў Лізе чэмпіёнаў – па пяць. Яшчэ два – у Кубку Італіі (у галоўных матчах – паўфінале і пераможным фінале).

«Інтэр» не можа пахваліцца ідэальнай гульнёй у абароне і нейкай уражлівай статыстыкай – у сезоне Серыі А прапусцілі 42 (шосты вынік сярод усіх каманд лігі), у ЛЧ прапусцілі 10 у 12 матчах. Але калі на поле выходзіць трыа БАД, лічбы становяцца значна лепшымі.

У Лізе чэмпіёнаў за 5 матчаў з Бастоні, Ачэрбі і Дарміянам у цэнтры абароны «Інтэр» прапусціў толькі аднойчы – першы гол ад «Бенфікі» ў перастрэлцы 3:3. Вы спытаеце – а як жа яшчэ два галы? Яны былі забітыя пасля 80-й хвіліны, калі Індзагі зняў Бастоні. Ды і да Ачэрбі з Дарміянам там не можа быць прэтэнзій – у першым выпадку Лукаку не ўсачыў за сваім гульцом падчас стандарту, а ў другім – Гозенс не паспеў накрыць суперніка на дабіванні. Цікавы таксама той факт, што асобна ніводны з гэтай тройкі не ўваходзіць у дзясятку найлепшых па якіх-небудзь абарончых статыстычных паказчыках у сезоне Серыі А. Але разам яны – моц.

Ну што – тады давайце бліжэй пазнаёмімся з гэтымі героямі «Інтэра».

Алесандра Бастоні – дзёрзкі

Гэты хлопец з сур'ёзным тварам – гадаванец «Аталанты». Калі ў 2017-м «Інтэр» выклаў за 18-гадовага абаронцу, які меў усяго 3 матчы ў Серыі А, 31 млн еўра, то мала хто зразумеў той трансфер (а таксама арэнды ў тую ж «Аталанту» і «Пармы»). Але нерадзуры ўсё правільна зрабілі – вычапілі таленавітага хлопца, але паколькі не маглі адразу гарантаваць месца ў старце, далі яму пару сезонаў у іншых клубах Серыі А. У 2019-м, калі ён вяртаўся з «Пармы», на яго ўжо ўскладалі вялікую надзею.

Алесандра доўга не разгойдваўся, хутка стаў асноўным гульцом. А там і выклік у зборную Італіі прыйшоў. Так, дарэчы, ён ужо зʼяўляецца чэмпіёнам Еўропы. На пераможным для Скуадры турніры ён хоць і выйшаў толькі ў адным матчы, але атрымаў свой медаль.

Бастоні гуляе важную ролю ў пачатку атак «Інтэра». Ён мае класны пас і любіць прасоўвацца наперад. Як вынік – цэнтральны абаронца ў тройцы найлепшых асістэнтаў «нерадзуры» ў гэтым сезоне ЛЧ: аддаў галявую перадачу на Мхітарана ў паядынку супраць «Вікторыі», а таксама зрабіў дзве ўдалыя падачы на Барэлу ў вельмі важных гульнях супраць «Барселоны» і «Бенфікі». Нічога і нікога не баіцца.

24-гадовы абаронца ўжо некалькі разоў паспеў паказаць сваю дзёрзкасць, прычым не толькі на полі. Пасля пераможнага матчу з каталонцамі выклаў ва інстаграме фота, на якім цягне хаўбека «блаугранас» Гаві за каўнер футболкі і падпісаў: «Перамога сэрца і характару». Гэта выклікала мора хейта ад заўзятараў «Барселоны», якія пачалі пагражаць забіць Алесандра і яго дзяўчыну. Бастоні коратка адрэагаваў: «Гэта бессэнсоўна. Не трэба злавацца. Я нічога не маю супраць Гаві і «Барселоны». Перад фіналам ЛЧ ён падарыў выданням яшчэ адзін круты загаловак – але пра гэта ў канцы матэрыялу.

Варта адзначыць, што хлопец не заўсёды быў упэўнены ў сабе. Гулец прызнаваўся, што вельмі сумняваўся, ці варта пагаджацца на прапанову ад такога вялікага клуба, як «Інтэр». Лічыў, што ён яшчэ не гатовы да такой вышыні. Але размова з Антоніа Контэ ўсё ж пераканала яго.

3 факты пра Бастоні:

🔷 любіць футбол Гвардыёлы, глядзіць матчы «Барселоны» і «Сіці»;

🔷 усе свае галы прысвячае сяброўцы дзяцінства, якая загінула ў ДТЗ у 15-гадовым узросце;

🔷 штогод дасылае сваю футболку аднакласніцы, якая параіла свайму бацьку, які працаваў у «Аталанце», паглядзець на юнага Алесандра.

Франчэска Ачэрбі – баявы

«Я не думаў, што мы дойдзем да гэтага», «Мы не хочам цябе», «Ужо гатовы да суботняга аўтаголу», «Горшая купля за апошнія тры гады» – гэтыя і яшчэ дзясяткі каментароў вы можаце прачытаць пад вераснёўскай публікацыяй у інстаграме «Інтэра» пра тое, што клуб на адзін сезон арандаваў у «Лацыа» 35-гадовага Франчэска Ачэрбі. Зараз наўрад ці многія балельшчыкі нерадзуры гатовы абмяркоўваць абаронцу ў тым жа тоне.

Але дзевяць месяцаў таму гэты пераход сапраўды падаваўся дзіўным. У першую чаргу – праз узрост. Яшчэ год таму ўсе ведалі пра фінансавыя праблемы «Інтэра», але арэнда ветэрана ўсё роўна выклікала пытанне – ці трэба гэта? Другое – яго міланскае мінулае. Так, за «расанеры» ў Ачэрбі толькі смешныя 10 матчаў, але фаны «нерадзуры» заўсёды па змоўчанні настроеныя супраць тых, у каго ў кар'еры была чырвона-чорная старонка. Каб заплюшчыць на гэта вочы, трэба шмат што даказваць на полі і па-за ім. А тут яшчэ і прыгадалі момант з сезона 2021/22, калі ў разгар чэмпіёнскай барацьбы паміж міланскімі клубамі «Мілан» абыграў на выездзе «Лацыа», забіўшы мяч у кампенсаваны час, а камеры вылавілі ўсмешку Ачэрбі адразу пасля прапушчанага гола.

Але Франчэска ўжо паказаў і даказаў, што «Інтэр» у яго карʼеры гуляе большую ролю, чым «Мілан». На працягу чатырох сезонаў ён быў асноўным у «Лацыа», але пагадзіўся на прапанову Сімоне Індзагі, з якім яны нядаўна выходзілі ў ЛЧ, абараняючы колеры арлоў.

Ачэрбі правёў тры матчы ў запасе пасля пераезду на «Джузэпэ Меацца», але затым Сімоне паставіў яго ў аснову – і з тых часоў Франчэска не з'яўляўся на полі толькі раз (у выязной гульні супраць «Эмпалі», якую, дарэчы, прайгралі). Досвед, якім валодае абаронца, дапамагаў у самых складаных і найважнейшых адрэзках сезона. Ён ідэальна даў рады Жыру ў абодвух паўфіналах: дзесьці проста не дазваляў форварду дабрацца да мяча, дзесьці ціснуў псіхалагічна, звяртаючыся да розных трукаў.

Наўрад ці цяпер нешта можа спалохаць Франчэска, бо ў ягоным жыцці быў больш страшны супернік, чым Жыру або Холанд. Падчас праходжання медагляду перад трансферам у «Сасуола» дзесяць гадоў таму ў Ачэрбі выявілі рак яечкаў. Але клуб падпісаў з ім кантракт, бо амаль адразу ж была праведзена аперацыя па выдаленні пухліны. Абаронца прапусціў пару матчаў на старце сезона, але затым хутка ўварваўся ў новую каманду, правёўшы 13 матчаў запар. Пакуль яго не запрасілі на допінг-тэст. Ачэрбі праваліў яго, пісалі нават пра магчымую дыскваліфікацыю, але ўсё аказалася значна горш – у абаронцы зноў дыягнаставалі рак, другі раз за год. Са студзеня па сакавік 2014 года ён прайшоў курс хіміятэрапіі, які дапамог адужаць хваробу. Вярнуўшыся на поле, правёў 123 матчы запар за «Сасуола» і стаў пераможцам Еўра-2020, згуляўшы на турніры 3 матчы.

Ачэрбі заяўляў, што хацеў бы застацца ў «Інтэры», але разумее, што гэта будзе залежыць не толькі ад ягонага жадання. Здаецца, зараз нават заўзятары нерадзуры будуць не супраць, калі ён затрымаецца яшчэ мінімум на сезон.

3 факты пра Ачэрбі:

🔷 у 2019-м, калі ва ўжо нябожчыка трэнера Сінішы Міхайлавіча дыягнаставалі рак, Ачэрбі напісаў яму адкрыты ліст;

🔷 ужо выступаючы за «Інтэр», не баяўся прызнацца, што яго кумірамі ў дзяцінстве былі легенды «Мілана» – Веа і Неста;

🔷 на старце карʼеры, калі бегаў за «Павію» з Серыі С, задумваўся пра сыход з футбола, але пасля размовы з мамай адмовіўся ад намеру.

Матэа Дарміян – сціплы

Гэта супадзенне – двое з трох герояў цэнтра абароны «Інтэра» ў гэтай Лізе чэмпіёнаў маюць прамую сувязь з «Міланам». Праўда, сувязь Дарміяна з «расанеры» мацнейшая, чым у партнёра. Ён хоць і правёў за іх усяго 7 матчаў (на 3 менш, чым Ачэрбі), але быў у клубе 10 гадоў – з 2000-га па 2010-ы. Так, ён гадаванец «Мілана». Аднак сёння ніхто з заўзятараў «нерадзуры» не папракае Матэа. Наадварот – ён адзін з найулюблёнейшых гульцоў. І не проста так.

Ён быў адным з самых перспектыўных гульцоў акадэміі «расанеры», але прабіцца ў аснову, дзе тады ў абароне гулялі такія людзі, як Кафу, Мальдзіні, Каладзэ, Неста, Ода, Банера, Фавалі і Янкулоўскі, было маларэальнай задачай. Матэа атрымліваў па 2-3 матчы ў сезоне, у асноўным выходзячы на замену, і не прасіў чаго-небудзь большага. Але ў 20 гадоў усё ж вырашыў знайсці стабільную гульнявую практыку, хоць і ў ніжэйшых дывізіёнах. Сезоны ў «Падове» і «Палерма» прайшлі нармальна, але раскрыцца Дарміян змог толькі пасля пераходу ў «Тарына». Дайшло да таго, што па выніках сезона 2013/14 ён патрапіў у сімвалічную каманду Серыі А, а ўжо праз год ізноў апынуўся ў топ-клубе. Перыяд у «МЮ» быў неадназначным. Быццам бы і давалі шанц, асабліва ў першым сезоне, але замацавацца ў аснове не ўдалося. Скончылася ўсё тым, што ў 2019-м «МЮ» з лёгкасцю адпусціў абаронцу ў «Парму» ўсяго за 2,5 млн еўра (падпісвалі за 18 млн).

У кастрычніку 2020-га «Інтэр» крыху нечакана арандаваў на той момант 30-гадовага правага абаронцу ў «Пармы» з магчымасцю выкупу за смешныя грошы. Па завяршэнні сезона 2020/21 ніхто не сумняваўся, што «Інтэр» знойдзе 3 млн, каб Дарміян паўнавартасна стаў гульцом "нерадзуры". У тым чэмпіёнскім сезоне Матэа не заўсёды выходзіў у старце, але вясной забіў вельмі важныя галы супраць «Кальяры» і «Вероны», а таксама запісаў на свой рахунак асіст у паядынку з «Ромай», чым вельмі дапамог «Інтэру» нарэшце ўзяць тытул.

Калі ў студзені гэтага года стала ясна, што Шкрыньяр усё ж сыдзе ўлетку ў «ПСЖ», Індзагі стаў шукаць замену славаку сярод наяўных гульцоў. Дарміян ніколі не гуляў больш за 4 матчы за сезон на пазіцыі цэнтральнага абаронцы, але лёгка пагадзіўся выконваць гэтую ролю. Выйшла выдатна, нават забіў «Аталанце» ў Кубку Італіі, гуляючы цэнтральнага абаронцу. Хоць часам Сімоне выкарыстоўвае яго і па-ранейшаму – на правым флангу. Таму ў гэтым сезоне Матэа мае 2+2 па выніковых дзеяннях, але ў фінале на краі сапраўды згуляе Думфрыс, і няма прычын прыбіраць Дарміяна з цэнтра, парушаючы трыа, якое давала стабільнасць на працягу 5 найважнейшых матчаў у ЛЧ.

Матэа заслужыў павагу з боку фанатаў не толькі праз гатоўнасць згуляць на любой пазіцыі, але і праз тое, што нядаўна пагадзіўся пайсці на зніжэнне зарплаты. Замест 3,3 млн еўра за сезон – 2,5 млн і пагадненне да лета 2025-га.

3 факты пра Дарміяна:

🔷 некалькі гадоў таму ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што Матэа – армянін па нацыянальнасці. Усё праз памылку на сайце ФІФА. Гулец пазней абверг гэтую інфармацыю;

🔷 у дзяцінстве Дарміян меў два аднолькава цікавых для сябе хобі – футбол і чытанне кніг. Трэнеры часта адзначаюць розум гульца;

🔷 да 22 гадоў Матэа не меў і 50 матчаў у дарослым футболе – занадта доўга ён чакаў свайго шанцу ў «Мілане».

Бастоні не баіцца «Сіці» – толькі забойцаў, Ачэрбі кажа, што ў «гараджан» небяспечны не толькі Холанд, Дарміян знайшоў дадатковую матывацыю

Менавіта гэтыя трое выпраменьваюць найбольшую ўпэўненасць сярод гульцоў «Інтэра» перад фіналам Лігі чэмпіёнаў.

Бастоні ў сваім стылі:

«Чакаецца складаная гульня. Мы поўныя рашучасці і шчаслівыя, што маем магчымасць згуляць у такім матчы.

Я баюся рабаўнікоў і забойцаў, але не хлапцоў свайго веку [ў складзе Сіці]. Нам трэба выйсці на поле і згуляць у футбол з ясным розумам. «Манчэстэр Сіці» – гэта не толькі Эрлінг Холанд. У іх складзе шмат футбалістаў, якія могуць даставіць нам непрыемнасці.

Я бачыў відэа, як супраць Эрлінга гуляў Рудыгер. Будзем старацца адпавядаць гэтаму прыкладу. Але гэта матч не Холанда супраць «Інтэра», гэта матч «Ман Сіці» супраць «Інтэра». Мы пастараемся іх спыніць.

Страху няма. Маецца правільная напруга. З сямі-васьмі гадоў мы ўсё марылі згуляць у такім матчы. Не магу дачакацца, калі выйду на поле».

Ачэрбі ўпэўнены ў сабе і камандзе:

«Я ведаю свае якасці і ведаю, што магу даць на полі, я гуляю і спрабую зрабіць нешта важнае. Вядома, ніхто не чакаў, што мы патрапім у фінал, але мы прыкладзём усе намаганні, каб зрабіць яшчэ адзін крок, які ўвасобіць мару ў жыццё.

Холанд вельмі моцны, ён забівае амаль пасля кожнага ўдару, але ў іх таксама шмат гульцоў, якія робяць розніцу – ад Гюндагана да Грыліша. Яны былі сярод найлепшых клубаў свету на працягу многіх гадоў, але гэта фінал, мы будзем змагацца за трафей, паспрабуем зрабіць нешта незвычайнае. Таму што мы гэтага заслугоўваем».

А Дарміян успамінае манчэстарскія гады:

«Адчуваю велізарны гонар і задавальненне. Мы заслужылі выхад у фінал, правёўшы два выдатныя матчы. Гэта ўзнагарода за самаахвяраванне, якое мы неслі гадамі. Цяпер аддадзім усе сілы ў фінале.

Мы павінны быць гатовыя і гуляць у сваю гульню, каб перамагчы іх. Гэта будзе няпроста. Яны найлепшая каманда ў свеце, але ў нас ёсць свае якасці, мы павінны іх паказаць. У нас ёсць магчымасць перамагчы іх.

Тое, што я былы гулец «Манчэстэр Юнайтэд» – гэта дадатковая матывацыя. Для мяне гэта будзе як дэрбі».

Фота: Cristiano Mazzi/Global Look Press, Fabrizio Andrea Bertani/Global Look Press, Maurizio Borsari/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты