Tribuna/Футбол/Блогі/Дык хто такі Кайседа? Юнак з беднай сям'і, які стаў топам праз збег абставін, талент і цяжкую працу

Дык хто такі Кайседа? Юнак з беднай сям'і, які стаў топам праз збег абставін, талент і цяжкую працу

Найдаражэйшы трансфер у гісторыі АПЛ.

18 жніўня, 06:20
Дык хто такі Кайседа? Юнак з беднай сям'і, які стаў топам праз збег абставін, талент і цяжкую працу

Пасля доўгіх размоў, некалькіх серый перамоў і бітвы за падпісанне з «Ліверпулем» «Чэлсі» ўсё ж афіцыйна абвясціў пра трансфер апорнага паўабаронцы «Брайтана» Мойсеса Кайседы.

Пераход эквадорца за суму ў памеры 115 млн фунтаў стаў рэкордным у брытанскім футболе, а 21-гадовы хаўбек падпісаўся з «пенсіянерамі» аж на 9 гадоў.

Хто ён увогуле такі і чаму англійскія гранды так біліся за яго? Распавядаем.

Нарадзіўся ў беднай сям'і, стаў профі дзякуючы выпадковаму мінаку, а ў «Брайтан» перайшоў праз ужо пракладзены маршрут

Мойсес – самы малады з дзесяці сясцёр і братоў, якія нарадзіліся недалёка ад эквадорскай сталіцы Кіта, у горадзе Санта-Дамінга. Сям'я будучага футбаліста была беднай: бацька быў кіроўцам рыкшы, а маці час ад часу сцірала бялізну суседзяў, каб мець магчымасць пракарміць усіх дзяцей.

Менавіта ў Санта-Дамінга, дзе ўмовы былі вельмі дрэнныя, Кайседа і пачаў займацца футболам. Адным з найважнейшых людзей у ягоным жыцці стаў дзіцячы трэнер Іван Гера, які аднойчы, проста праходзячы міма, заўважыў, як самотны Мойсес біў мяч у сцяну ля свайго дома.

Гера ўбачыў у юнаку талент і стаў для яго неафіцыйным хросным бацькам – набыў футбольныя буцы і аплачваў харчаванне, калі ў сям'і эквадорца былі фінансавыя цяжкасці. Калі Мойсесу споўнілася 13, Гера за свой кошт вазіў яго ў акадэмію «Індэпенд'ентэ дэль Валле», дзе ён у рэшце рэшт спадабаўся трэнерскаму штабу і падпісаў свой першы кантракт.

Функцыянальныя кандыцыі Кайседа прыемна здзівілі трэнерскі штаб эквадорскага клуба і ўжо ў 17 гадоў ён дэбютаваў за першую каманду. У юнака добра атрымлівалася гуляць як у апорнай зоне, так і на пазіцыі васьмёркі – ён не толькі займаўся «чарнавой працай», але нават адзначаўся рэзультатыўнымі дзеяннямі (6 галоў і 2 галявыя перадачы ў 31 матчы за «Індэпенд'ентэ» агулам).

Менавіта дзякуючы яго атлетычнасці, фізічнай цягавітасці, сіле і хуткасці за Мойсесам хутка пачалі сачыць еўрапейскія клубы. Паводле інфармацыі The Athletic, «МЮ», «Чэлсі», «Ньюкасл», «Вэст Хэм», «Эвертан», «Мілан», «Лейпцыг» і «Бруге» сачылі за развіццём футбаліста і былі гатовыя прапанаваць яму кантракт, але ў «Брайтана» былі козыры ў рукаве.

У 2018-м «чайкі» менш чым за 1 млн еўра падпісалі Білі Арсе – эквадорца як раз з таго ж «Індэпенд'ентэ». Дзякуючы ўжо наяўным сувязям у «Брайтана» атрымалася хутка дамовіцца і пра трансфер Кайседа – але ўжо за 4 млн еўра. Зімой 2021-га Майсес пераехаў у Англію.

Прарваўся ў аснову «Брайтана» праз траўму канкурэнта, фарсіраваў свой сыход яшчэ зімой, а цяпер стаў рэкордным продажам «чаек» у гісторыі

Акрамя моцных выступаў за эквадорскі клуб у рэзюмэ Кайседа быў нават больш пераканаўчы аргумент – яшчэ да пераходу ў «Брайтан», у канцы 2020-га, у той час 18-гадовы футбаліст дэбютаваў за нацыянальную зборную – і адразу ў матчы з Аргенцінай. У першым жа міжнародным выпрабаванні Мойсес нядрэнна справіўся з Месі, праз некалькі дзён забіў дэбютны мяч у вароты Уругвая, а ў дзвюх сустрэчах у наступным месяцы вызначыўся двума асістамі.

«Брайтан» дакладна ведаў, каго купляе, але да канца сезона 2021/22 так і не даў шанцу Мойсесу дэбютаваць. Свой першы матч за «чаек» эквадорац правёў ужо ў новым сезоне, калі адгуляў 90 хвілін у матчы другога раўнда Кубка лігі супраць «Кардзіфа» (і нават аддаў галявы пас).

Зрэшты, «Брайтану» трэба было развіццё футбаліста, а праз тое, што гульнявы час яму ніхто не гарантаваў, клуб пачаў шукаць варыянты з арэндай. Ахвочых было няшмат, аднак праз партал TransferRoom з'явіўся варыянт з аўтсайдарам чэмпіянату Бельгіі «Берсхатам». Антверпэнцы ўсё ж пакінулі вышэйшы дывізіён па выніках поўнага сезону, але ў Кайседа атрымалася заявіць пра сябе – і чайкі вярнулі яго з арэнды ўжо зімой.

Спачатку Мойсес крыху пасядзеў у запасе, але атрымаў шанец пасля сур'ёзнай траўмы Якуба Модэра – і скарыстаўся ім напоўніцу. Кайседа ўдала правёў матч з «Арсеналам» на «Эмірэйтс» («Брайтан» перамог 2:1, а Мойсес аддаў вырашальны асіст), пасля чаго канчаткова сфармаваў новае трыа Кайседа-Бісума-Мвепу.

Ва ўсіх наступных сямі матчах да канца сезона (а таксама ў пачатку новай кампаніі) ён быў безальтэрнатыўна асноўным для Грэма Потэра, а з прыходам Раберта Дэ Дзербі яго ўплыў на гульню каманды пачаў быць яшчэ больш прыкметным.

Спалучэнне фізічнай сілы, хуткасці, мабільнасці і ўмення аддаць своечасовы і якасны пас робяць яго вельмі ўніверсальным апорнікам, які заўсёды мае энергію выконваць ролю бокс-ту-бокса. Аднаклубнікі сцвярджаюць, што Кайседа таксама можа лёгка прадбачыць, дзе апынецца мяч – а гэта дапамагае як у абарончых, так і ў атакуючых дзеяннях.

Першыя сур'ёзныя размовы пра сыход эквадорца пачаліся ў зімовае трансфернае акно, калі «Арсенал» прапаноўваў за яго аж 70 млн фунтаў. На кантакце, паводле інфармацыі брытанскіх СМІ, таксама былі «Ліверпуль» і «Чэлсі», але «Брайтану» было абыякава – яны не збіраліся адпускаць футбаліста, які мог дапамагчы ўпершыню кваліфікавацца ў еўракубкі.

Кайседа намагаўся фарсіраваць свой сыход – ў інстаграме публічна заявіў пра жаданне пакінуць клуб, аргументуючы намерамі стаць «самым тытулаваным эквадорцам у гісторыі», і нават не з'явіўся на трэнаванні. Нягледзячы на ўсе ягоныя выбрыкі, да канфлікту не дайшло – пасля аднаго прапушчанага матча ў АПЛ ён вярнуўся ў каманду, а ў сакавіку яшчэ і працягнуў кантракт. Новым пагадненнем клуб забяспечыў яшчэ больш фінансава выгадны продаж Мойсеса ў летняе трансфернае акно, а таксама выключыў клаўсулу, якая была ў яго папярэднім кантракце.

Хэпі-энд з «чайкамі» ўсё ж здарыўся – у мінулым сезоне каманда заняла шостае месца ў АПЛ і кваліфікавалася ў Лігу Еўропы, а летам Кайседа стаў найдаражэйшым продажам у гісторыі «Брайтана».

Пачэціна, кажуць, вельмі хацеў бачыць яго ў «Чэлсі», з Энца будзе самай дарагой парай хаўбекаў у свеце

Кайседа стаў самым дарагім футбалістам у гісторыі АПЛ і зараз будзе выступаць за «Чэлсі». Заўзятары лонданскага клуба даўно малявалі ў сябе ў галаве дуэт Кайседа-Энца, які проста не мае права праваліцца – за двух паўднёваамерыканцаў «пенсіянеры» заплацілі амаль 220 млн фунтаў (найдаражэйшая пара паўабаронцаў у гісторыі футбола).

Маўрысіа Пачэціна неахвотна гаварыў пра пераход Мойсеса, калі той яшчэ быў гульцом «Брайтана», аднак, кажуць, ён вельмі хацеў бачыць яго ў складзе сваёй каманды – і клуб выканаў ягонае жаданне.

Ну і, пагадзіцеся, яго пераход менавіта ў «Чэлсі» павінен быў адбыцца прынамсі для таго, каб паўтарыць гэты кадр з ягонай мамай:

У новым клубе эквадорац, верагодна, будзе гуляць пад 25-м нумарам.

Фота: Chelsea FC, Jose Jacome-Pool/Getty Images, Jeroen Meuwsen/BSR Agency/Global Look Press, Steve Bardens/REUTERS

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты