Tribuna/Футбол/Блогі/Усё спрыяе таму, каб зборная Беларусі ўсчала пераможную серыю, – у Косава сурʼёзныя праблемы

Усё спрыяе таму, каб зборная Беларусі ўсчала пераможную серыю, – у Косава сурʼёзныя праблемы

Хаця і не ўсё так проста.

21 лістапада, 08:03
Усё спрыяе таму, каб зборная Беларусі ўсчала пераможную серыю, – у Косава сурʼёзныя праблемы

У аўторак, 21 лістапада, зборная Беларусі гуляе заключны матч у адборы на Еўра-2024. Супернік – Косава. Абедзве каманды страцілі шанцы прайсці кваліфікацыю, таму матч у Прышціне не мае важнага турнірнага значэння, хаця перамога дазволіць беларусам абысці касавараў і стаць у групе не пятымі з шасці, а чацвёртымі. Так што змагацца ёсць за што. Карлас Алос напэўна хоча развіць няхай і лакальны, але поспех з камандай: нічыі з лідарамі групы Румыніяй (0:0) і Швейцарыяй (3:3), у нейкім сэнсе гістарычная перамога над Андорай (1:0). Што далей?

Косава, дазволіўшы прыгожа сысці Георгію Кандрацьеву, пасля паразы ад беларусаў за пяць матчаў саступілі толькі аднойчы – румынам. Затое перамаглі Ізраіль і разграмілі Андору, а яшчэ двойчы згулялі ўнічыю са Швейцарыяй. Галоўны трэнер зборнай Косава Прымаж Гліха паабяцаў, што ягоная каманда прыкладзе ўсе высілкі для пазітыўнага выніку супраць беларусаў.

Пры гэтым каманда славенскага спецыяліста выйшла на фініш не ў аптымальным складзе. Супраць беларусаў сто адсоткаў не згуляе Мілот Рашыца. Атакуючы паўабаронца «Бешыкташа» атрымаў пашкоджанне на трэнаванні перад матчам са Швейцарыяй, пасля чаго было аб'яўлена, што зборнай у гэтым годзе ён больш не памочнік. Варта адзначыць, што чэрвеньскі матч з беларусамі Рашыца правёў у запасе. Тым не менш Мілот – сурʼёзная страта для Косава, бо хаўбек зʼяўляецца самым выніковым гульцом касавараў у гэтым адборы (тры мячы і чатыры галявыя перадачы) і другім бамбардзірам нацыянальнай каманды ў гісторыі (11 мячоў у 53 матчах).

Не пагражае беларусам і адна з галоўных зорак зборнай Косава Ведат Мурыкі. Нападаючы «Мальёркі» атрымаў траўму ў перанесеным матчы з Ізраілем, які адбыўся 11 лістапада, і выбыў на тэрмін ад 4 да 6 тыдняў. У чэрвеньскай сустрэчы з на той момант камандай Кандрацьева Мурыкі стаў аўтарам адзінага гола ў вароты Сяргея Ігнатовіча, на 87-й хвіліне рэалізаваўшы пенальці. Таксама зафіксуем, што форвард з'яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі Косава. На рахунку Мурыкі 26 мячоў у 51 матчы.

Пад пытаннем удзел у матчы супраць Беларусі брамніка Арыянета Мурыча. Нягледзячы на страту статусу першага нумара ў аўтсайдары АПЛ «Бёрнлі» (у гэтым сезоне правёў толькі 3 матчы ў Кубку Англійскай лігі), галкіпер працягвае быць асноўным у зборнай Косава. Аднак матч са Швейцарыяй Мурыч вымушана прапусціў. Паведамлялася, што гульца зваліў грып. Ці паспее ён аднавіцца да матча з беларусамі і ці рызыкне трэнер выпускаць гульца на поле – невядома.

Сустрэчу з камандай Алоса можа таксама прапусціць левы паўабаронца румынскага ЧФР Эрмаль Краснікі. Гулец аказаўся недатычным да суботняга матча касавараў са Швейцарыяй, аднак прэс-служба зборнай Косава паведаміла, што хаўбек і медыцынскі штаб прыкладаюць максімум намаганняў для найхутчэйшага аднаўлення.

І гэта яшчэ не ўсё. У аўторак Косава не дапамогуць нападаючы «Ліля» Эдон Жэгрова і абаронца «Напалі» Амір Рахмані. Сітуацыя з апошнім такая: неапальскі клуб адмовіўся адпускаць гульца на перанесены матч з Ізраілем, бо ў той жа дзень праводзіў матч Серыі А супраць «Эмпалі». Тады трэнерскі штаб Косава прыняў рашэнне ўвогуле адмовіцца ад паслуг абаронцы і ў матчах супраць Швейцарыі і Беларусі.

З Жэгровым усё больш складана. Касаварскія СМІ паведамляюць пра канфлікт аднаго з лідараў нацыянальнай зборнай з галоўным трэнерам каманды. Вось эпізод вельмі эмацыйнага камунікавання форварда «Ліля» з коўчам пасля матчу супраць Румыніі ў верасні гэтага года:

Зрэшты, тая гульня атрымалася цяжкай для ўсёй каманды Косава, і справа не толькі ў паразе 0:2.

Пасля гэтага Жэгрова не паехаў у зборную на кастрычніцкі матч з Андорай, спаслаўшыся на траўму. Аднак у тым жа месяцы футбаліст прыняў удзел ва ўсіх гульнях «Ліля», што выклікала падазрэнне ў шчырасці нападаючага. На гульню супраць Ізраіля Жэгрова не адпусціў ужо французкі клуб. Трэнерскі штаб тут павёў сябе гэтак жа, як і ў сітуацыі з Рахмані – прыняў рашэнне абысціся без футбаліста.

На сёння зборная Косава мае далёка не самы аптымальны склад, але ў ейных шэрагах усё адно ёсць прадстаўнікі чэмпіянатаў Італіі, Германіі, Францыі, Турцыі, таму атрымаць другую перамогу запар беларусам будзе зусім не проста. І ўвогуле, апошні раз такая доўгая пераможная серыя з беларускімі футбалістамі здаралася ажно ў 2018 годзе, калі ў Лізе Нацый на той момант каманда Ігара Крывушэнкі ў выязных матчах абгуляла Люксембург і Сан-Марына з аднолькавым лікам 2:0.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты