Tribuna/Футбол/Блогі/Паглядзіце, як праз расійскія абстрэлы спяць дзеці-ўкраінцы ў футбольным лагере

Паглядзіце, як праз расійскія абстрэлы спяць дзеці-ўкраінцы ў футбольным лагере

А ў РФ абяцалі «нарошчваць удары».

2 студзеня, 17:23
1
Паглядзіце, як праз расійскія абстрэлы спяць дзеці-ўкраінцы ў футбольным лагере

Trendets camp – найбуйнейшы дзіцячы футбольны лагер Украіны, які праходзіць на базе львоўскага «Руху» ў Вінніках. Украінскі блогер Дзмітрый Паваразнюк з'яўляецца заснавальнікам гэтага праекта. Падтрымку ў развіцці лагера таксама аказвае Tribuna.com. Сёння Паваразнюк падзяліўся фота, як дзеці з Trendets camp спяць падчас расійскіх абстэлаў:

«І так кожную ноч за апошні тыдзень. Дзеці ўжо прызвычайваюцца спаць у калідорах і ў ваннах з-за «вызваліцеляў», – падпісаў фота Паваразнюк.

Праз некалькі гадзін у акаўнце самога лагера з'явілася відэа:

Дзеці спяць у калідоры, каб выконваць правіла «двух сцен». Працуе яно так: у выпадку траплення ў будынак удар на сябе прымае знешняя сцяна, а абломкі і аскепкі ляцяць у другую. Становіцца жудасна ад таго, што праз такі досвед павінны праходзіць маленькія футбалісты.

Нагадаем, што ад 24 лютага 2022 года Расія працягвае вайну супраць Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Напярэдадні новага года, 29 снежня, тэрыторыя Украіны падвергнулася самаму масаванаму абстрэлу ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання, у выніку якога загінула не менш як 39 мірных жыхароў. На наступны дзень быў нанесены ўдар па расійскім Белгарадзе. У адказ на гэта расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін паабяцаў «нарошчваць удары» па ўсёй Украіне. Ужо сёння, 2 студзеня, ракетнаму ўдару падвергліся Кіеў, Харкаў, Крапіўніцкі і Сумы. Ніжэй некалькі фота з наступствамі сённяшняй атакі па Кіеве:

І Харкаву:

У выніку ракетнай атакі ў Кіеве і вобласці загінулі трое і пацярпелі 38 чалавек. У Харкаве адзін чалавек загінуў і 45 атрымалі раненні.

Па словах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, за апошнія пяць дзён расіяне выпусцілі па ўкраінская тэрыторыі як мінімум 500 ракет і дронаў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты