Tribuna/Футбол/Блогі/БАТЭ зацікавіўся «ворагам» Бiёнчыка: забіваў больш за барысаўцаў, палiць пачак цыгарэт на дзень, мае прыбытак з алкамаркета

БАТЭ зацікавіўся «ворагам» Бiёнчыка: забіваў больш за барысаўцаў, палiць пачак цыгарэт на дзень, мае прыбытак з алкамаркета

Не вяртаецца ў родную Расiю, хаця свой «нарматыў» для гэтага выканаў.

8 лютага, 06:00
БАТЭ зацікавіўся «ворагам» Бiёнчыка: забіваў больш за барысаўцаў, палiць пачак цыгарэт на дзень, мае прыбытак з алкамаркета

7 лютага з'явілася інфармацыя, што ў БАТЭ можа перайсці 29-гадовы расіянін Андрэй Панюкоў – выхаванец маскоўскага «Спартака», якi за карʼеру памяняў мноства клубаў, часам шмат забiваў (у не самых моцных лiгах), але больш запамiнаўся на Радзiме выказваннямі пра Сталіна ды Гітлера.

У чэмпіянат Беларусі Панюкоў прыехаў у траўнi 2023-га пасля больш як паўгадавога прастою. Ён падпісаў кантракт са «Славіяй» i заявіў, што будзе «рэанiмаваць карʼеру», а «калi забіць 10-15 мячоў у ЧБ, можна смела вяртацца ў Расію». Аднак за «Славію» Панюкоў правёў сумарна ўсяго 72 хвіліны, чатыры разы выйшаўшы на замену. Тым не менш паспеў забiць – дарэчы, у вароты БАТЭ, прынёсшы «Славii» нiчыю на 90+4-й хвіліне.

Ужо ў канцы чэрвеня форвард пакiнуў Мазыр – спроба гульца высветлiць у трэнера Iвана Біёнчыка, чаму ён не выпускае на поле, справакавала канфлікт, якi скончыўся сыходам футбалiста.

10 лiпеня Панюкоў афiцыйна перайшоў у «Нафтан», хутка стаў лідарам каманды – у чатырох сустрэчах нават выходзіў на поле з капітанскай павязкай. I выканаў уласную «ўмову» па вяртаннi ў Расiю – за Наваполацк забiў яшчэ 9 мячоў за 14 матчаў ЧБ плюс два ў кубкавай сустрэчы з першалiгавай «Нiвай». Дарэчы, з гульцоў БАТЭ ў мiнулым сезоне ЧБ нiхто не забiў больш за 8 мячоў – гэтага дамаглiся Валер Грамыка, Дзянiс Лапцеў i Дзмiтрый Анцiлеўскi.

Гарачым стаў матч «Нафтана» са «Славіяй». У адным з момантаў Панюкоў перашкодзiў мазыранам хутка ўвесцi мяч, пасля чаго быў пасланы Біёнчыкам, а ў адказ прапанаваў былому коўчу «закрыць рот». Але больш важным было, што форвард забiў мяч, чым зраўняў лiк i ў вынiку прынёс навапалачанам нiчыю 2:2, якая ўскладнiла «Славіi» барацьбу за бронзу (у вынiку прайграную). Пасля матча Панюкоў казаў, што «задаволены вынiкам» i прысвяцiў «гэтую нічыю Івану Сяргеевічу Бiёнчыку».

Як аказалася пазней, выдатную для ЧБ рэзультатыўнасць Панюкоў паказваў, не адмовіўшыся ад адной са шкодных звычак.

– Мяне хвалявала толькі адно пытанне – ці будзе ён піць. Мы з ім дамовіліся, што не будзе. І ён слова стрымаў. Калі і выпіваў, то не больш за астатніх. А паліць шмат – пачак у дзень. Пытаю: «Андрэй, што ты робіш?» А ён мне: «Я калі палiць не буду, то наогул гуляць не змагу», – распавядаў мiнулагоднi кiраўнiк «Нафтана» Дзмiтрый Бандарчук.

Да канца сезона ў Панюкова сталі рэгулярна браць інтэрвʼю. Для расiйскай аўдыторыi ён распавёў, напрыклад, што замест Беларусі мог апынуцца ў Грузіі – але абраў нашу краіну, таму што «прасцей адаптавацца, ды і чэмпіянат Грузіі скаўты асабліва не глядзяць». Таксама футбаліст прызнаўся, што ў беларускі перыяд больш, чым у футболе, зарабляе дзякуючы прыбытку алкагольнай крамы, якую трымае ў расійскім Нальчыку з мясцовым былым аднаклубнікам.

Былі і «традыцыйныя» своеасаблівыя выказванні – аказалася, Панюкоў лічыць «прыкольнай» кнігу расійскага праваеннага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва пра прышэсце дʼябла на Зямлю, за прачытанне якой бабуля гульца назвала яго дурнем. А яшчэ футбалiст зноў знайшоў, як пахваліць Гітлера – заявіў, што «як палітык ён цудоўны, пытанняў няма», добра яшчэ, дадаў, што «з псіхічнымі адхіленнямі, начудзіў».

У беларускіх жа інтэрвʼю цэнтральнай тэмай былі адносіны з Біёнчыкам у «Славіі», пра што Панюкоў не хацеў гаварыць да канца сезона, але пасля расказаў нямала. Форвард паскардзіўся, што «людзі зноў думаюць, што бухаў, наркаманіў ці біўся з кімсьці», хаця паводзіць сябе спакойна, што, маўляў, могуць пацвердзіць «хлопцы са «Славіі». Біёнчык жа, па версіі Панюкова, «па факце шмат у чым найлепшы трэнер», але пры гэтым «чалавек спецыфічны, вельмі высокага пра сябе меркавання, яму нават слова ўпоперак нельга сказаць», з-за чаго гульцу было цяжка.

– У «Славіі» пад пітона патрапіў. Канкрэтнага. Я прыехаў. Першая трэніроўка. Мяне многія ведалі. [Бiёнчык] падыходзіць такі: «А як цябе клічуць, нагадай?». Маё глупства. Трэба мець уяўленне пра трэнера, да якога ты едзеш, патрэбны ты [яму], не патрэбны. А ў «Славію» прыехаў, [паверыўшы, што], маўляў, там патрэбны – а там цуда-юда-рыба-кіт, – казаў Панюкоў пра былога трэнера.

Біёнчык, калі яму прапанавалі адказаць, сказаў, што не будзе гаварыць занадта шмат – нібыта яго словы могуць Панюкова «дыскрэдытаваць абсалютна, а не хацелася б шкодзіць гэтаму футбалісту, чыя карʼера падыходзіць да канца» (нагадаем, форварду няма і 30). Па заяве трэнера, «калі новы чалавек прыходзіць у клуб, ён павінен прымаць правілы, з якімі ні ў каго, акрамя Панюкова, не было праблем». Гэта, мякка кажучы, спрэчнае сцвярджэнне – іншых гульцоў коуч, напрыклад, пераводзiў у дубль.

Яўна іранічна Біёнчык адказаў на пытанне пра Панюкова з дзяржТБ.

– Біёнчык-трэнер унёс значны ўклад у яго карʼеру, і я гэтаму варʼяцка рады. Шчаслівы, што ён пра мяне так пазітыўна адклікаецца і да гэтага часу мяне памятае. Рады, што пакінуў след у яго сэрцы. Гэта выдатна. Бачыце, плённае супрацоўніцтва было, – сказаў коўч.

Няцяжка зразумець, чым мог быць незадаволены Бiёнчык. Згаданы Бандарчук апісваў Панюкова так: «У камандных дзеяннях гэта мінус адзін гулец на полі, стане ў цэнтральным крузе – і чакае. Але калі мяч да яго туды пападае, то ён хутка аддае яго на фланг і бяжыць прапаноўваць сябе. Была задача – даставіць яму мяч у штрафную. А ўжо там ён ведае, што з ім рабіць».

Яшчэ да заканчэння чэмпіянату iшла інфармацыя, што Панюковым цікавяцца БАТЭ і «Тарпеда-БелАЗ». Але зімой футбаліст трэніраваўся з «Шахцёрам», на якi накладзены трансферны бан. Нават згуляў у спарынгу з «Дняпром» (0:0) 3 лютага. А вось на пераможны (1:0) таварняк «гарнякоў» з «Арсеналам» 7 лютага Панюкова ў заяўцы ўжо не было.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты