Tribuna/Футбол/Блогі/Гэтым беларускім брамнікам прадказвалі вялікую будучыню, але іх карʼера не ўражвае – пакуль ніхто так і не стаў топам

Гэтым беларускім брамнікам прадказвалі вялікую будучыню, але іх карʼера не ўражвае – пакуль ніхто так і не стаў топам

Прычыны – самыя розныя. І надзея яшчэ ёсць.

Аўтар — bytribuna com
22 лютага, 14:19
Гэтым беларускім брамнікам прадказвалі вялікую будучыню, але іх карʼера не ўражвае – пакуль ніхто так і не стаў топам

У аўторак кракаўская «Вісла» абвясціла пра падпісанне Антона Чычкана. Кантракт з 28-гадовым беларускім галкіперам разлічаны да канца сезона-2023/24. «Вісла» ідзе на чацвёртым месцы ў польскім Д2. Дзве лепшыя каманды па выніках сезона пойдуць на павышэнне, а яшчэ яшчэ адну пуцёўку чатыры клубы разыграюць у плэй-оф.

У польскім міноры, няхай і з перспектывай павышэння, аказаўся брамнік, якога адносна нядаўна лічылі адным з самых перспектыўных у Беларусі. Чычкан пасля арэнды ў «Смалявічах» дэбютаваў за БАТЭ ў 21 год – у пачатку сезона-2017. Менавіта з ім у браме барысаўцы дабіраліся да раўнда плэй-ф кваліфікацыі Лігі Еўропы (2019), а таксама двойчы выйгравалі Кубак Беларусі (2020, 2021).

Чычкан ніколі не быў жалезным першым нумарам БАТЭ, дзе яму даводзілася канкураваць з Сяргеем Чэрнікам, Дзянісам Шчарбіцкім, Андрэем Кудраўцом. Тым не менш, гэта не перашкаджала стабільна трапляць у пашыраны спіс зборнай і ў 2020-м дэбютаваць у матчы супраць Румыніі (3:5).

Пра тое, што Чычкан сыдзе з БАТЭ пасля сезона-2021, стала вядома яшчэ за паўгода. У пачатку 2022-га футбаліст падпісаўся на два з паловай года з «Уфой», якая змагалася за выжыванне ў Д1 Расіі. У апошнім туры менавіта беларус бараніў вароты: на 103-й хвіліне пацягнуў пенальці ад суайчынніка Руслана Лісаковіча і ўратаваў клуб ад прамога вылету.

Аднак «Уфа» вылецела праз пераходныя матчы. Пасля гэтага легіянер і каманда скасавалі кантракт па ўзаемнай згодзе.

Улетку 2022-га Чычкан лятаў у Бельгію на перамовы з клубам з наймацнейшага дывізіёна, аднак пераход сарваўся ў апошні момант. Пасля ўзнік варыянт у дацкай эліце, але і туды не ўдалося перабрацца праз бюракратычныя праблемы. Перад самым закрыццём летняга трансфернага акна-2022 Чычкан зʼехаў у чэмпіянат Грузіі, дзе і выступаў да нядаўняга пераезду ў Польшчу. Там браў золата ў складах тбіліскага і батумскага «Дынама». Праўда, апошнія паўгода не гуляў, знаходзячыся ў запасе батумцаў.

Чычкан – не адзіны беларускі брамнік, якому за апошнія дзесяць гадоў пры ўсёй сваёй перспектыўнасці пакуль не ўдалося перайсці ў моцную еўрапейскую лігу і ўвогуле пабудаваць вялікую карʼеру.

Дзяніс Шчарбіцкі, 27 гадоў

Дэбютаваў за аснову БАТЭ ў 20 гадоў, правёў два групавыя этапы Лігі Еўропы і паўдзельнічаў у дамашняй перамозе ў плэй-оф над «Арсеналам» (1:0). У траўні 2018-га зʼявілася інфармацыя, што Шчарбіцкім цікавіцца «Мілан», гульца ацэньвалі ў 3 мільёны еўра. Акрамя таго паведамлялася, што за галкіперам сочаць «Арсенал» і дортмундская «Барусія». Аляксей Бага прадказваў сурʼёзную цікавасць да падапечнага, у якога заканчваўся кантракт, аднак той нікуды не зʼехаў і падоўжыў пагадненне з Барысавам.

У траўні 2019-га на «Барысаў-Арэне» заўважылі трэнераў брамнікаў «Зеніта» Юрыя Жаўнова і Міхаіла Бірукова. Перад гэтым расійскія СМІ напісалі пра цікавасць да галкіпера з боку пецярбуржцаў. Бага запэўніваў, што да яго проста прыехалі калегі, а не каб кагосьці паглядзець, але праз месяц Жаўноў не стаў адмаўляць інтарэс «Зеніта» да беларускага брамніка.

Пра варыянт з Санкт-Пецярбургам гаварылі і праз паўтара года, калі Шчарбіцкі ўжо пашкодзіў плячо. Праз гэта ён не раз клаўся на аперацыйны стол. Аднаўлення былі працяглымі, брамнік амаль не гуляў (за апошнія тры сезоны мае ўсяго два афіцыйныя матчы), пры гэтым яго паслугамі быццам бы цікавіліся «Шэрыф», «Крылы Саветаў» і «Акжэтпес».

У пачатку 2023-га галкіпер трапіў у «чорны спіс» лукашэнкаўскага міністэрства па спорце, таму БАТЭ не прапанаваў новы кантракт. Наступныя паўгода Шчарбіцкі працягваў проста трэнавацца з камандай. Мінулым летам у яго быў выбар паміж клубам з Польшчы і «Уралам» – асабістая зацікаўленасць Віктара Ганчарэнкі пераважыла. Брамнік падпісаў кантракт на год, але дагэтуль не дэбютаваў – у свае 27 Шчарбіцкі гуляў толькі за БАТЭ. У пачатку года «Урал» абʼявіў пра заключэнне новага пагаднення з беларусам на працяглы тэрмін.

Максім Плотнікаў, 26 гадоў

Пасля арэнды ў «Промні» і «Тарпеда-БелАЗ» галкіпер, якому было 21, правёў сезон-2019 першым нумарам мінскага «Дынама». На той жа год прыпаў дэбют у зборнай – супраць Уэльса (0:1) з Гарэтам Бэйлам у складзе. Сезон скончыўся прызнаннем найлепшым гульцом «Дынама».

Наступныя два сезоны атрымаліся больш сціплымі. Да лета 2020-га Плотнікаў стабільна гуляў за «Дынама», але затым траўмаваўся. Пашкоджанне паставіла крыж на перамовах з «Ахматам» (Д1 Расіі), пасля чаго брамнік падоўжыў кантракт з мінчукамі яшчэ на паўтара года. У 2021-м Плотнікаў наогул не правёў ніводнага матча. Па-першае, зноў перашкаджалі траўмы. Па-другое, канкурэнцыю выйграў Ягор Хаткевіч.

Калі дамова падышла да канца, «Дынама» не стала ўтрымліваць Плотнікава, і той апынуўся ў чэмпіёнскім «Шахцёры». Пачынаў першым нумарам і зноў выклікаўся ў зборную, але ўжо ў красавіку 2022-га выпаў са складу пасля памылкі ў матчы з БАТЭ (0:1).

Плотнікаў ненадоўга вяртаўся ў старт, але зноў усё сапсавала хіба – брамнік прымудрыўся прапусціць з 35 метраў пасля прамога ўдару са штрафнога. Да канца сезона ў варотах «Шахцёра» гуляў Чэрнік.

У пачатку 2023-га Плотнікаў расстаўся з Салігорскам праз нестабільную гульнявую практыку і праз даўгі, пасля чаго адправіўся ў Казахстан, каб змагацца з «Каспіем» за выжыванне. Сезон у КПЛ завяршыўся для легіянера датэрмінова – ўжо ў канцоўцы чэмпіянату, сутыкнуўшыся з супернікам, брамнік зламаў вялікую галёначную і малую галёначную косткі. Аднаўленне можа заняць паўгода, кантракт скончыўся, а «Каспій» вылецеў у Д2. Цяпер футбаліст працягвае лячыцца.

Павел Паўлючэнка, 26 гадоў

Карʼера брамніка развівалася імкліва. Першую палову 2017-га Паўлючэнка адгуляў за дубль «Дняпра», у жніўні правёў першы матч у вышэйшай лізе за брэсцкае «Дынама», а ўжо праз два з паловай месяцы дэбютаваў за зборную, куды быў выкліканы замест траўмаванага Шчарбіцкага. Ігар Крывушэнка даверыў навічку другі тайм спарынгу з грузінамі (2:2). Тады ж пачаліся размовы, што ў беларускім футболе зʼявіўся новы класны брамнік.

Аднак пасля падпісання брастаўчанамі Аляксандра Гутара ў сезонах-2018 і 2019 Паўлючэнка ўжо быў рэзервістам – рэзервістам каманды, якая выйграла ўсе магчымыя трафеі ўнутры краіны. Трэнер брамнікаў «Дынама» Васіль Хамутоўскі ўвесь гэты час казаў, што Паўлючэнка добра глядзеўся ў сваіх нешматлікіх матчах, а таксама пра неабходнасць адʼезду ў еўрапейскую лігу, а не ў Расію ці Украіну. У 2020-м Паўлючэнка практычна пароўну падзяліў гульнявы час з Сяргеем Ігнатовічам, а ў наступным сезоне быў стабільным першым нумарам у «Руху». У сярэдзіне 2021-га быў прагляд у «Зеніце», аднак ён ні да чаго не прывёў.

У пачатку наступнага года Паўлючэнка ўжо ў статусе найлепшага брамніка чэмпіянату Беларусі-2021 адмовіў «Ахмату» і для «далейшага прафесійнага развіцця» перайшоў у «Тэрмаліку», якая змагалася за выжыванне ў польскім Д1. Неўзабаве пасля падпісання кантракту беларус правёў дзевяць матчаў запар, а потым трапіў у глыбокі запас. Гэта было звязана з пазіцыяй уласніцы клуба, якая не хацела бачыць у варотах сваёй каманды футбаліста з краіны-суагрэсара ва ўкраінскай вайне. Другую палову сезона-2022/23 Паўлючэнка правёў у арэндзе ў «Гурніка», але на поле ў Экстракласе больш не выхадзіў.

Улетку 2023-га футбаліст апынуўся ў Сярэдняй Азіі. Там да канца 2024-га падпісаўся з «Пахтакорам». Паўлючэнка стаў першым нумарам каманды на трэці месяц працы. З таго часу паспеў засвяціцца ў азіяцкай Лізе чэмпіёнаў, выйграць узбекістанскую лігу і вярнуцца ў зборную.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты