Tribuna/Футбол/Блогі/Сын легенды «Гомеля» – ідэолаг у ВНУ. Расказвае лухту пра тое, як Лукашэнка ратаваў навуку (гучыць гэта вельмі сумнеўна)

Сын легенды «Гомеля» – ідэолаг у ВНУ. Расказвае лухту пра тое, як Лукашэнка ратаваў навуку (гучыць гэта вельмі сумнеўна)

І нават тут яму дапамагае «майдан».

31 сакавіка, 09:37
Сын легенды «Гомеля» – ідэолаг у ВНУ. Расказвае лухту пра тое, як Лукашэнка ратаваў навуку (гучыць гэта вельмі сумнеўна)

Былога нападніка Віктара Барэля можа назваць легендай гомельскага футбола. Ураджэнец далёкаўсходняга Петрапаўлаўска-Камчацкага з'яўляецца выхаванцам гомельскай ДзЮСШ. У якасці гульца за «рысей» сумарна правёў дзевяць сезонаў, у якіх нагуляў 208 матчаў, забіў 70 мячоў (з'яўляецца другім бамбардзірам калектыва ў гісторыі) і аддаў 23 асісты. Адзін з самых яркіх перфомансаў выдаў у фінале Кубка-2001/02 супраць БАТЭ (2:0): запісаў на рахунак гол і асіст, чым дапамог «Гомелю» ўзяць першы ў гісторыі трафей:

У 2007-м Барэль вярнуўся ў «Гомель» пасля некалькіх месяцаў у «Спартаку» з Ніжняга Ноўгарада. У тым сезоне ён правёў два матчы і прыняў рашэнне скончыць кар'еру футбаліста, але «Гомель» не пакінуў – застаўся ў структуры роднага клубу: працаваў з юнацкімі камандамі, дублем, уваходзіў у трэнерскі штаб асновы, некалькі разоў выконваў абавязкі галоўнага. У 2013-14-х гадах руліў зборнай Беларусі U-19. А ў студзені 2021-га перайшоў у менеджмент «Гомеля» – стаў спартыўным дырэктарам. У сакавіку 2023-га таксама ўвайшоў у выканкам АБФФ.

У апошнія гады Барэль не асоба актыўны ў прэсе. Не выказваўся ён ні пра падзеі 2020-га года, ні пра вайну ва Украіне, хаця гамельчукі добра ведалі, што адбываецца з іх суседзямі. Няма прозвішча экс-форварда і ў спісе спартсменаў, якія падпісаліся за Лукашэнку. Затое актыўнай агітацыяй за дыктатуру займаецца сын былога футбаліста Канстанцін.

Пасля заканчэння гомельскай СШ №59 Барэль-малодшы з'ехаў вучыцца ў сельскагаспадарчую акадэмію (БДСГА) ў Горкі, дзе паэтапна на эканамічным факультэце скончыў бакалаўрыят, магістратуру і аспірантуру. Падчас трэцяга этапа навучання паспеў папрацаваць у саўгасе «Выток» Рэчыцкага раёна. У 2021-м, яшчэ аспірантам, стаў на сваім факультэце намеснікам дэкана па выхаваўчай працы. А ў снежні таго ж года ўзначаліў прафсаюзную пярвічку. Аспірантуру скончыў у сакавіку 2023-га (па выніках навучання атрымаў навуковую класіфікацыю «Даследчык» у галіне эканамічных навук).

Сёння Канстанцін Барэль працягвае працаваць у БДСГА, дзе займае пасаду асістэнта кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК, якую сумяшчае са згаданым вышэй кіраўніцтвам у «прафсаюзным» камітэце студэнтаў. На правах кіраўніка пярвічкі сын трэнера 26 сакавіка выступіў з прамовай перад калектывам эканамічнага факультэта на тэму «Рэспубліка Беларусь: праекты будучыні». Распавёў калегам, што на пачатку 1990-х гадоў Беларусь сутыкнулася з пагрозай свайму навуковаму патэнцыялу, спыніла фінансаванне даследчых праграм і закрыла навуковыя школы ў спадзеве на дапамогу Захаду. У выніку ягоны маналог звёўся да таго, што беларускую навуку ўратаваў асабіста Лукашэнка.

«У пачатку 1990-х гадоў нашая краіна сутыкнулася з пагрозай знішчэння свайго навуковага патэнцыялу. Спынялася фінансаванне даследчых праграм, закрываліся навуковыя школы, краіну пакідалі таленавітыя вучоныя. На ўсе абурэнні і папрокі адносна такой палітыкі гучаў універсальны адказ, што, маўляў, «лепш і выгадней не прыдумляць і не вырабляць самім, затрачваючы вялізныя рэсурсы, а купляць усё на перадавым Захадзе». Пераламаць тэндэнцыю, якая вядзе да катастрофы, удалося толькі з прыходам да ўлады <...> Лукашэнкі. Логіка была простая: калі не захаваць унікальную савецкую беларускую навуку, не прадоўжыць яе традыцыі з улікам пераходу на новы тэхналагічны ўклад, то нам дастанецца роля перыферыі і калоніі для больш моцных і паспяховых нацый. Выбар шляху быў відавочны».

Ці сапраўды Лукашэнка ўратаваў навуковую галіну, як пра гэта кажа Барэль? Бянтэжаць некаторыя факты. У 2021-м на навуку ад агульнага аб'ёму ВУП Беларусі выдзялялася 0,46%. У развітых краінах гэты паказнік складае 2-3%. Дадамо, што памер ВУП большасці заходніх краін у разы большы, чым Беларусі. То бок розніца ў абʼёмах фінансавання вельмі істотная.

Яшчэ адным крытэрам развіцця навуковай сферы зʼяўляецца колькасць навуковых і тэхнічных артыкулаў у спецыялізаваных выданнях. У гэтым выпадку статыстыку вядзе Нацыянальны навуковы фонд ЗША, які ўлічвае артыкулы па фізіцы, біялогіі, хіміі, матэматыцы, клінічнай медыцыне, біямедыцынскім даследаванням, інжынерыі і тэхналогіям, а таксама навуках пра Зямлю і Космас. У 2021-м годзе, у беларусаў падобных артыкулаў было ў сярэднім 12,4 штукі на 100 тысяч насельніцтва. Сярод краін Еўропы горшыя паказнікі толькі ў Малдове і Албаніі, а непасрэдныя сусветныя суседзі па рэйтынгу Беларусі – Эквадор, Батсвана, Алжыр і Коста-Рыка (звесткі з артыкулы «Зеркала»).

Скарачаецца ў Беларусі і колькасць навуковых кадраў. У 2010-м колькасць людзей, якія займаліся навуковымі даследаваннямі, складала 31,7 тысячы, у 2022-м – 25,2 тысячы. Па звестках TUT.BY, у лукашэнкаўскай Акадэміі навук у 2018 і 2019 гадах сярод дактароў навук больш за 80% былі старэйшымі за 60 гадоў.

А яшчэ камічнасць сітуацыя заключаецца ў тым, што Барэль нарадзіўся ў 1998-м годзе, а сваю «лекцыю» ён расказваў людзям, сярод якіх былі тыя, хто ў той час ужо працаваў:

Затым Барэль пачаў расказваць «пра кропкі росту», якімі валодае Беларусь – дасягненні ў касмічнай, атамнай, біятэхналагічнай галінах нібыта прыўносяць у народную гаспадарку сінэргетычны эфект. Ну і ў завяршэнні прамовы малады прапагандыст успомніў «майдан», куды ж без яго:

«Рэспубліка Беларусь мае сур'ёзныя кропкі росту, якія будуць вызначаць аблічча краіны ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Дасягненні ў касмічнай, атамнай, біятэхналагічнай галінах прыўносяць у народную гаспадарку сінэргетычны эфект, служаць драйверам для сумежных галін, стварэння новых вытворчасцей, падрыхтоўкі кадраў па найноўшых спецыяльнасцях. Гэтыя напрамкі дзейнасці становяцца меркай паспяховасці краіны, сімвалам высокай мары. Народу, у якога ёсць высокая мара, не страшныя «майданы», – распавёў Барэль.

Зрэшты, такі выступ Барэля-малодшага не з'яўляецца нечым неардынарным. Малады чалавек вядомы сваёй падтрымкай рэжыму, пра што адкрыта і часта расказвае ў мясцовых СМІ. Ну і, канешне, ён як узорны ідэолаг адным з першых прыходзіць галасаваць датэрмінова на выбарах.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты