Tribuna/Футбол/Блогі/Завочны «суд» – «падарунак» ад рэжыма фанату МТЗ-РIПА. Некалi «сiлавiкi» вынеслi дзверы яго суседу – не адолелi нумар кватэры

Завочны «суд» – «падарунак» ад рэжыма фанату МТЗ-РIПА. Некалi «сiлавiкi» вынеслi дзверы яго суседу – не адолелi нумар кватэры

Юрый Качура прайшоў праз катаваннi, але БФСС дапамог пакiнуць краiну.

Аўтар — Pam-pam
20 красавіка, 12:00
Завочны «суд» – «падарунак» ад рэжыма фанату МТЗ-РIПА. Некалi «сiлавiкi» вынеслi дзверы яго суседу – не адолелi нумар кватэры

19 красавіка «следчы камітэт» Лукашэнкі абвясцiў пра пачатак у дачыненні да футбольнага фаната Юрыя Качуры так званай «спецыяльнай вытворчасці» – гэта значыць Качуру збiраюцца «судзiць» завочна. Фаната абвінавачваюць у «распальваннi варожасцi» ды абразе некага з прадстаўнiкоў рэжыму. Атрымаўся своеасаблiвы «падарунак» на дзень народзiнаў – Качуру 9 красавiка споўнiлася 44.

«Спецыяльную вытворчасць» рэжым заводзiць на тых, да каго не можа фiзiчна дацягнуцца – а Качура з 2022-га знаходзiцца за мяжой. Хаця два гады таму ён быў у руках «сiлавiкоў» Лукашэнкi – але тыя чамусьцi адпусцiлi фаната, пасля чаго ён адразу, па яго выразе, «даў па тапках». Неўзабаве пасля адʼезду Качура падрабязна расказаў пра катаваннi з боку рэжыму ў вiдэа для праекта «Прававая ініцыятыва».

Качура працаваў абвальшчыкам мяса, а паралельна шмат гадоў быў фанатам МТЗ-РIПА i праз гэта «абʼехаў усю Беларусь». А фанаты – з даўнiх часоў мiшэнь для «сiлавiкоў» Лукашэнкi. Па словах Качуры, «кожнае злачынства, якое здзяйснялася ў Мiнску незразумела кім», спрабавалі «павесіць» на фанатаў – нягледзячы на іх спробы растлумачыць, што яны не бʼюць на вуліцах выпадковых людзей, а «здымаюць стрэс» толькі ў загадзя запланаваных бойках у лясах з такімі ж падрыхтаванымі фанатамі клубаў-праціўнікаў. Аднак рэжым не адставаў, а ў 2005-м Качура атрымаў «хімію» па артыкуле аб «хуліганстве» – праўда, падрабязнасцяў фанат не распавёў. З-за «крыміналкі» Качура не мог уладкавацца на працоўны кантракт і вымушаны быў зарабляць па нявыгадных для сябе дагаворах падраду.

9 жніўня 2020-га года Качура з адзiнадумцамi, як і сотні іншых беларусаў, прыйшоў да мінскай стэлы. Як успамінаў футбольны фанат, ён не проста бачыў снарады, якія ляцяць у людзей, але і назіраў, як чалавеку за 10 метраў ад яго вырвала ікру. Ад стэлы Качуры ўдалося сысцi, пра сваю пазнейшую актыўнасць у пратэстах ён не распавядаў. Але ў кастрычнiку 2020-го яго проста на шляху дадому адлавiлi з «шэрага буса» – ударылi нагой у спiну, запхалi ў машыну i сталi збiваць.

Пасля Качуру прывезлi на Акрэсцiна i ў двары, сцягнуўшы верхнюю вопратку, працягнулi збiццё. Сярод ночы фаната завялi «на карачках» за краты, у камеру, дзе «шконак» было шэсць, а чалавек 40. На людзей там вылiвалi хлорку, працягвалi бiць, выцягваючы ў калiдор, i пагражалi «адрэзаць ногi, закапаць жыўцом, спалiць, утапiць». Пры гэтым каты сцвярждалi, што ў Беларусi ўсiм нiбыта «добра жыць». Але ж у вынiку Качуру выпусцiлi – i, мяркуючы па яго расповеду, не чапалi яшчэ больш за год.

15 лютага 2022-га за Качурам прыехалi «сiлавiкi» Лукашэнкi. Фанат быў дома, таму стаў сведкам таго, як спачатку рэжымнiкi ўламiлiся ў суседнюю кватэру – зламалi дзверы, павалiлi мужчыну, якi там знаходзiўся, i толькi пасля гэтага зразумелi памылку. Да таго моманту Качура заўважыў, што за яго вокнамi таксама сочаць, таму праз вакно пайсцi не атрымаецца. Тады ён сам адкрыў дзверы – i атрымаў удар у твар і кiдок светлашумавой гранатай. Пасля мужчыну працягнулі збіваць – пашкодзiлi рэбры i зламалі нос. Пасля гэтага ў кватэры ўсё перавярнулi, але здолелі знайсці толькі налепку «Партызана» у клубных бела-чырвоных колерах.

Качуру сказалi, што яго вiнавацяць у «экстрэмiзме», удзеле ў непажаданых для рэжыма «масавых мерапрыемствах» i абразу супрацоўнiка лукашэнкаўскага «АМАП» – па словах фаната, ён проста пераслаў скрын з чужым каментарыем пра «дзейнасць» «сiлавiка». Качуру паабяцалi пасадзiць на 12 гадоў. У чатыры ранiцы мужчыну кiнулi ў камеру – на гэты раз на чатыры «шконкi» прыпадала 16 чалавек, сярод якіх, як i на Акрэсцiна, былi наўмысна падсаджаныя бяздомныя.

Але вечарам 18 лютага Качуру нечакана адпусцiлi з «IЧУ» – без нiчога i з адзеннем у крывi. Пасля гэтага фанат звязаўся з БФСС, i там яму з дапамогай яшчэ адной арганiзацыi прыкладна праз месяц арганiзавалi так званую эвакуацыю.

«Не мог гэты хворы на шызафрэнію [Лукашэнка] набраць такія працэнты. У нармальнай краіне з законамі [«сiлавiкi» Лукашэнкi] даўно ўжо сядзелі б на лаўцы [падсудных]. Але яны працягваюць працаваць і здзекавацца. [У 2020-м] патрэбныя былi iншыя меры. Кветкамi i знятым абуткам перамагчы рэжым – так не бывае, вайны без крыві не бывае. Пасля звяржэння [рэжыму] хачу прыехаць у Беларусь на iх cуд. Iх трэба судзiць, гэта злачынцы», – казаў Качура ў 2022-м.

Але пакуль рэжым на месцы – i патрабуе ад Качуры прыехаць цяпер да «сiлавiкоў» у Мiнскую вобласць.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты