Tribuna/Футбол/Блогі/Клуб з беларусам захаваў на Кіпры месца ў Д1 – і пачаў цуда-матчы: адзін пад падазрэннем, другі скончыўся 6:6

Клуб з беларусам захаваў на Кіпры месца ў Д1 – і пачаў цуда-матчы: адзін пад падазрэннем, другі скончыўся 6:6

Раней адтуль са скандалам сышоў Хацкевіч.

25 красавіка, 15:00
Клуб з беларусам захаваў на Кіпры месца ў Д1 – і пачаў цуда-матчы: адзін пад падазрэннем, другі скончыўся 6:6

У верасні 2022-га кіпрская «Карміёціса» прадставіла Аляксандра Хацкевіча ў ролі новага галоўнага трэнера каманды. Беларускі спецыяліст змяніў на пасадзе экс-трэнера мінскага «Дынама» Душана Угрына, які прапрацаваў у клубе два месяцы (набраў чатыры пункты ў першых трох турах). Хацкевіч у выніку сышоў яшчэ хутчэй – дэ-факта пакінуў каманду пасля паразы 30 кастрычніка 0:4 ад АЕК з Ларнакі. Ужо пазней спецыяліст расказаў, што той матч быў дамоўным, пра што яго яшчэ да гульні папярэджваў спартыўны дырэктар. Хацкевіч удзельнічаць у гэтай гісторыі не захацеў, але «ўсё роўна футбалісты згулялі так, як ім сказаў той, хто іх завёў у каманду».

Далей у трэнера запатрабавалі заяву пра сыход – але тады ён мусіў бы заплаціць клубу, а не наадварот. Хацкевіч адмовіўся і паспрабаваў прадоўжыць трэнінгі, але яго на базу не пускала ўзброеная ахова, а ў машыне, што выдаў клуб, нехта парэзаў колы. Па словах трэнера, яму пагражаў «прадстаўнік спартыўнага дырэктара, звязаны з крыміналам», але ў выніку Хацкевіч усё ж атрымаў наяўнымі грошы, што належылі за звальненне па ініцыятыве клуба.

Гісторыя з Хацкевічам не збянтэжыла іншага беларуса – абаронцу Аляксандра Паўлаўца, які ў канцы студзеня 2024-га вырашыў на паўгода падпісаць арэндную дамову з «Карміёцісай» (футбаліст належыць «Арэнбургу», але кантракт з расійскім клубам у яго таксама заканчваецца ў чэрвені 2024-га). У новай камандзе ён адразу стаў асноўным: правёў шэсць поўных матчаў першай часткі чэмпіянату. Пасля чэмпіянат Кіпра падзяліўся на дзве паловы: каманды, якія змагаюцца за медалі, і тыя, хто вырашае, каму застацца ў эліце. «Карміёціса» апынулася ў другой групе, а Паўлавец працягнуў стабільна гуляць і нават вызначыўся галявой перадачай (адзнака 2:21) у пераможнай гульні з «Доксай» (4:1):

Беларуса выпаў са складу, калі 15 сакавіка ў матчы з «Апалонам» (0:0) атрымаў траўму, праз што пакінуў поле яшчэ ў канцы першага тайма. У наступных двух гульнях Паўлавец удзелу не браў (у першым яго не было ў заяўцы, у другім правёў увесь матч на лаўцы). Далей былі хатні разгром ад «Этнікоса» (1:4) (там Паўлавец няўдала зрэзаў мяч галавой на суперніка, што прывяло да пераможнага гола гасцей, а далей быў заменены на 82-й хвіліне) і выхад на замену ў пераможным матчы з «Доксай» (2:1) за хвіліну да фінальнага свістка. Перамога гарантавала «Карміёцісе» ўдзел у эліце ў наступным сезоне. Пасля гэтага Паўлавец на поле не выходзіў, пра што ён, магчыма, наўрад ці шкадуе.

За наступным матчам супраць АЕЗ, які таксама ўжо ўсе свае справы ў чэмпіянаце вырашыў, бо загадзя заняў апошняе месца, беларус назіраў з лавы. Яго каманда здолела ператварыць 0:2 у 5:2. Аднак гэтай гульнёй не ўразіліся ў мясцовым камітэце па спартыўнай этыцы. Там выказалі меркаванне, што вынік матчу мог быць спланаваны загадзя, і таму прызначылі следчых для правядзення расследавання. Мабыць, самым дзіўным эпізодам у той гульні стаў другі гол у вароты «Карміёцісы». Звярніце ўвагу, як адзін абаронца вырашыў упасці, а другі перадумаў блакаваць удар суперніка (адзнака 0:12):

Наконт абвінавачанняў выказаўся начальнік «Карміёцісы» Яніс Віяларыс:

«Сёння што, 1 красавіка? Я толькі што прыехаў з замежжа і нічога не бачыў. Ці ведаеце вы, што «Карміёціса» гуляе з «Атэласам»? Ці трэба рабіць падобныя заявы перад гульнёй… Мы абгулялі АЕЗ. Што нам заставалася рабіць? Прайграць?.. У нас чыстае сумленне», – запэўніў Віяларыс.

«Атэлас», дарэчы, перад матчам з «Карміятысай» усе свае задачы таксама вырашыў, загадзя пакінуўшы эліту. Тым не менш матч выдаўся неверагодным па развіцці падзей. Каманда Паўлаўца (беларускі абаронца на гульню заяўлены не быў) да 50-й хвіліны гарэла 1:5, аднак здолела адгуляцца, забіўшы выратавальныя мячы на 90+5-й і 90+9-й хвілінах, а сам матч скончыўся з неверагодным для футбола лікам 6:6. У сустрэчы хапала дзіўных момантаў, як, напрыклад, пасіўнае дзеянне абароны «Карміёцісы» ў эпізодзе з 5-м прапушчаным мячом (адзнака 3:14) ці бяздзейнасць брамніка «Атэласа» ў моманце з 3-м голам (адзнака 4:26). Поўны агляд гульні ніжэй:

Вынік матчу цалкам задаволіў галоўнага трэнера «Карміёцісы» Марыоса Хараламбуса:

«Мы прайгравалі 1:5, але нашыя гульцы прадэманстравалі вялізную сілу волі. Хачу павіншаваць нас з другім таймам, бо у нас атрымалася вырваць пункт. На наступную гульню мы будзем настройвацца вельмі сур'ёзна», – паабяцаў Хараламбус.

Апошнюю гульню сезона «Карміёціса» згуляе з «Апалонам», які ўжо гарантавана заняў першае месца ў групе «вылету». Чамусьці здаецца, што Паўлаўцу гэты матч таксама варта прапусціць.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты