Tribuna/Гімнастыка/Блогі/Украінка, якая вінаваціла Шчэрбу ў згвалтаванні, рыхтуецца да конкурсу «Місіс ЗША». А вось як экс-гімнасты ўладзілі канфлікт

Украінка, якая вінаваціла Шчэрбу ў згвалтаванні, рыхтуецца да конкурсу «Місіс ЗША». А вось як экс-гімнасты ўладзілі канфлікт

Кожны сцвярджае, што перамог у судзе.

Аўтар — Pam-pam
5 траўня, 12:00
2
Украінка, якая вінаваціла Шчэрбу ў згвалтаванні, рыхтуецца да конкурсу «Місіс ЗША». А вось як экс-гімнасты ўладзілі канфлікт

Украінская гімнастка і алімпійская чэмпіёнка Барселоны-1992 Таццяна Гуцу нібыта атрымала тытул «Місіс Мічыган», пра што распавяла ў сваім фэйсбуку. Жанчына падзякавала камандзе, сыну Энтані і мужу Роберту за падтрымку і суправадзіла пост фатаграфіямі ў новым статусе. Цяпер яе чакае барацьба за тытул «Місіс ЗША» у Амахе, штат Небраска, з 1 па 4 жніўня 2024 года.

Але вельмі верагодна, што на рэгіянальным узроўні конкурс нават не праводзілася, прынамсі, ніякай інфармацыі пра падзею не атрымліваецца адшукаць. Хутчэй за ўсё, Гуцу проста запоўніла заяўку на сайце «Місіс ЗША» і была адабраная арганізатарамі. Ці былі ў яе канкурэнткі на гэтым этапе – не вядома.

Цяпер жанчына шукае спонсараў для ўдзелу ў конкурсе – падтрымаць яе данатамі, памер якіх пачынаецца ад 1000 долараў, можна на персанальным сайце.

Беларускай аўдыторыі Гуцу больш вядомая ў іншым кантэксце. У 2017 годзе яна абвінаваціла шасціразовага алімпійскага чэмпіёна і былога беларускага гімнаста Віталя Шчэрбу ў згвалтаванні, якое, паводле яе слоў, адбылося ў 1991 годзе падчас турніру ў Штутгарце. Спартсменцы тады было ўсяго 15 гадоў.

У сваім пасце з абвінавачаннямі жанчына заадно выказала прэтэнзіі гімнастам Таццяне Торапавай і Рустаму Шарыпаву, якія нібыта ведалі пра тое, што здарылася, але не абаранілі маладую партнёрку.

Гуцу абазвала Шчэрбу монстрам, які трымаў яе ў клетцы цягам доўгіх гадоў, і сцвярджала, што валодае дэталямі, якія зможа супрацьпаставіць словам беларуса.

«Ты больш не зможаш мяне зламаць. Гэта мая гісторыя Папялушкі», – пісала Гуцу.

Вялікай падтрымкі ў спартыўнай супольнасці жанчына не знайшла – шмат хто або проста сумняваўся ў праўдзівасці яе словаў, або літаральна лічыў іх няпраўдай.

Шчэрба доўгі час не каментаваў абвінавачванні, толькі аднойчы адказаўшы ўкраінскім журналістам, што яму няма за што апраўдвацца.

Маўчанне экс-гімнаст перапыніў у лютым 2018-га, заявіўшы, што падаў на Гуцу ў суд. Каментуючы сваё рашэнне, Шчэрба падкрэсліваў, што лічыць людзей, якія гвалцяць малалетніх, неадэкватнымі і хворымі псіхічна.

«Проста задайце сабе пытанне. Наогул ці магчыма такое, каб найвялікшы спартсмен, ледзь не адзіны ў гісторыі спорту, мог быць ментальна нестабільным і проста хворым на галаву, каб такое здзейсніць?» - цікавіўся ўраджэнец Мінска.

Гуцу са свайго боку пагражала падаць на былога калегу па зборнай у суд, але ці наважылася на гэта ў выніку, сёння невядома.

У студзені 2020-га Шчэрба распавёў, што з Гуцу была заключаная дамова, паводле якой ніводны з бакоў не мае права каментаваць гэтую гісторыю ў прэсе. Украінка ж сцвярджала, што на судзе дала важкія доказы і выйграла справу. Гэтая заява выклікае сумневы хаця б таму, што пасля суда Шчэрба працягнуў працаваць з дзецьмі. Цяжка ўявіць, што амерыканская сістэма правасуддзя магла б такое дазволіць.

Некаторымі падрабязнасцямі справы Шчэрба падзяліўся ў красавіку 2024-га. Былы гімнаст распавёў, што суд усё ж прыняў яго бок – нібыта прымусіў ўкраінку прасіць прабачэння і забраць свае словы назад.

«Я потым бачыў яе інтэрв'ю ўкраінскаму тэлебачанню, у якім Гуцу сказала, што шкадуе пра тое, што зрабіла, моцна збянтэжыўшы вядоўцаў праграмы такім нечаканым паваротам. І ўсё, цікавасць да яе на гэтым і скончылася», – запэўніў ён.

Пры гэтым публічных заяў Гуцу пра тое, што яна адклікае свае прэтэнзіі да Шчэрба, сёння не адшукаць. Таму калі былая гімнастка і выбачылася, то неяк вельмі ціха. Цяжка зрзаумець, хто ўсё ж такі перамог у судзе.

А ўжо пасля ўсёй гэтай гісторыі стала вядома, што Шчэрба развёўся са сваёй другой жонкай, бо «не сышліся характарамі». Жаніцца былы спартсмен больш не мае намеру, але падкрэслівае, што з жанчынамі яму заўсёды было лёгка мець зносіны, і цяпер ён таксама не адчувае ніякіх праблем, але «нашы (жанчыны, – Tribuna.com) мне падабаюцца больш. З імі і пагаварыць можна нармальна, і выпіць». 

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты