Усе навіны

Андрэй Міхалёў: «Не хацелі рабіць «брудную» працу. Таму была такая «акадэмія», гублялі шайбу на далёкай сіняй лініі – вось і вынік»

25 верасня, 23:29

Галоўны трэнер «Дынама-Шынніка» Андрэй Міхалёў падзяліўся меркаваннем аб матчы з піцерскім «Дынама» (2:4).

– Слаба пачалі. Не хацелі рабіць «брудную» працу – утыкацца, выводзіць шайбу праз борт. Таму была такая «акадэмія», гублялі шайбу на далёкай сіняй лініі – вось і вынік.

Быццам бы і ўключыліся ў другім перыядзе, але было ўжо позна.

– Чаго рабятам не хапіла ў канцы гульні?

– Слаба гуляем на ўкідваннях. Гэтага не хапіла. Саступаем укідванне – пачынаем адбіраць шайбу, атрымліваецца энергазатратны хакей. Вось тут ёсць праблема.

– З мiнскага «Дынама» да вас камандзіравалі Міраслава Міхалёва і Ягора Борыкава. Які ў іх гульнявы тонус, наколькі яны дапамаглі сёньня камандзе?

– Усё нармальна. Даўно не гулялі, трэнерскі штаб гэта выдатна разумее. Дзякуй ім вялікі за тое, што прыехалі.

– «Дынама» з Санкт-Пецярбурга – каманда з Залатога дывізіёна. Наколькі задаволены гульнёй сваіх хлопцаў супраць такога суперніка?

– Лiк на табло – 2:4. Як тут можна быць задаволеным? Канешне не. Мы павінны перабудоўвацца. Зразумела, што ўсе папярэднія матчы праводзілі супраць каманд з Сярэбранага дывізіёна. Але ў сyпернікаў з Залатога – іншыя хуткасці, іншае гульнявое мысленне. Таму нам трэба пераключацца.

– Якія высновы пасля сённяшняй гульні з піцерскім «Дынама»? Бо можа так здарыцца, што ў плэй-оф ці плэй-ін зноў давядзецца гуляць з ім?

– Пачакайце, яшчэ рана думаць пра гэта. Мы будзем думаць аб наступнай гульні - супраць СКА-1946, – сказаў Міхалёў.