Усе навіны

Генеральны сакратар ПКБ Шудзейка пра магчымы допуск беларусаў: «Трэба згаджацца нават, калі забароняць сцяг і гімн»

22 траўня, 17:56

Генеральны сакратар паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка падзяліўся меркаваннем аб магчымым допуску да міжнародных спаборніцтваў.

Пытанне допуску Беларусі на міжнародныя турніры будзе абмяркоўвацца на генеральнай асамблеі МПК. Яна адбудзецца 28-29 верасня ў Бахрэйне.

– Калі разглядаць станоўчае рашэнне, то якая верагоднасць допуску беларусаў да Параалімпіяды ў Парыжы ў 2024 годзе ці ў 2026-м у Мілане?

– Думаю, у Мілане дакладна выступім. Цяпер не сакрэт, што МПК ідзе ў фарватары рэкамендацый МОКа. Усе чулі меркаванне і выказванні Томаса Баха, у якіх ён абазначае жаданне вярнуць беларусаў і расіян на міжнародныя арэны. Там чакаюць нейкай адмашкі. Усё павінна быць вырашана станоўча.

Але самая страшная праблема: сканчаюцца кваліфікацыйныя перыяды на Гульні ў Парыж. У нас застанецца літаральна некалькі стартаў. У лёгкай атлетыцы і ў плаванні перыяд адбору больш працяглы.

Разлічваем, што ў гэтых асноўных медаляёмістых відах спорту мы дакладна трапім у гэты кваліфікацыйны перыяд і заваюем ліцэнзіі.

– Атрымліваецца, [Ігар] Бокій зможа павялічыць медальную скарбонку?

– Так, мы на гэта разлічваем.

– У якім статусе спартсмены могуць удзельнічаць, калі іх дапусцяць да міжнародных стартаў?

– Думаю, будуць выпрацаваны асаблівыя ўмовы ўдзелу нашых спартсменаў. Хутчэй за ўсё гэта будзе нейтральны статус з забаронай нашай сімволікі, без сцяга і гімна. Усё гэта будзе забаронена.

Але я думаю, што на такія ўмовы трэба пагаджацца. Калі Бокій ведае, што ён з Беларусі, то ён беларус. Пад якім бы сцягам ён ні выступаў, ён – беларус. Мы павінны прапагандаваць нашыя каштоўнасці, нашу краіну, нашыя вартасці. Але ёсць міжнародныя правілы, якім мы будзем павінны падпарадкоўвацца. Калі будзе прынятае такое рашэнне, то будзем выступаць у нейтральным статусе, – сказаў Шудзейка.