Усе навіны

Макрон і Бах пацвердзілі, што рашэнне па ўдзеле расіян і беларусаў на Алімпіядзе будзе прынята МАК у адпаведны час

9 чэрвеня, 10:50

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сустрэўся з прэзідэнтам МАК Томасам Бахам у Парыжы.

Бах падзякаваў Макрону за нядаўнюю дэкларацыю на саміце G7 у Хірасіме наконт аўтаноміі спорту і ўмоў для ўдзелу спартсменаў з расійскім і беларускім пашпартам у адпаведнасці з рэкамендацыямі МАК.

Таксама яны пацвердзілі, што рашэнне аб удзеле гэтых спартсменаў у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы будзе прынята ў адпаведны час МАК, і яны будуць працягваць супрацоўніцтва ў гэтым плане.

Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.