Все новости

Кіраўнік камісіі спартсменаў МАК Тэрхо заявіла, што атлеты не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў

5 снежня, 22:54

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) апублікаваў вынікі саміту, які адбыўся 5 снежня ў Лазане.

На мерапрыемстве абмяркоўвалі магчымы допуск беларусаў і расіян на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе.

У 13-м пункце прэс-рэлізу заяўлена, што кіраўнік Камісіі спартсменаў МАК Эма Тэрхо паведаміла ўдзельнікам саміту, што «пераважная большасць атлетаў ва ўсім свеце лічаць, што спартсмены не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў».

Таксама было заяўлена, што МАК не памяняе ўмовы допуску беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў.

Раней Бах казаў, што рашэнне аб магчымым удзеле расейцаў і беларусаў у АГ будзе прынятае ў сакавіку 2024 года.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, якой рушыла ўслед большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК аб'явіў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.