Усе навіны

Томас Бах: «Расійскі ўрад, відавочна, ігнаруе той факт, што ён прымусіў нас дзейнічаць з-за свайго ўварвання і анексіі частак Украіны»

8 сакавіка, 11:35

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах раскрытыкаваў расійскую ўладу і абвінаваціў яе ў парушэнні Алімпійскай хартыі.

«З кожным днём мы бачым усё больш агрэсіўныя заявы расійскага ўрада і афіцыйных асоб. Што характэрна, дык гэта тое, што гэтая агрэсіўнасць паходзіць ад таго ж урада, які стаяў за скандальнымі маніпуляцыямі з антыдопінгавай сістэмай да, падчас і пасля зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе.

Важна таксама тое, што расійскі ўрад, відавочна, ігнаруе той факт, што ён прымусіў нас дзейнічаць з-за свайго ўварвання і анексіі частак Украіны. Яны нават абавязалі Алімпійскі камітэт Расіі таксама анексаваць часткі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй НАК Украіны. Вось у чым прычына гэтага: да нашых дзеянняў нас прывяло грубае парушэнне Алімпійскай хартыі», – сказаў Бах.

Каментары Баха прагучалі на наступны дзень пасля таго, як міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў абвінаваціў яго ў «здрады ідэалаў алімпійскага руху». Але Бах заявіў, што спартыўны арбітражны суд падтрымаў «справядлівы і старанна вывераны» падыход МАК да беларускіх і расійскіх спартсменаў.

Нагадаем, што МАК дапусціў беларусаў і расіян да Алімпіяды-2024 у нейтральным статусе.

CAS адхіліў апеляцыю Алімпійскага камітэта Расіі на рашэнне МАК аб прыпыненні членства.