Tribuna/Іншыя/Блогі/«Можа, толькі ў Домрачавай пазітыўны вопыт». Беларуска расказала, як панічна баіцца родаў

«Можа, толькі ў Домрачавай пазітыўны вопыт». Беларуска расказала, як панічна баіцца родаў

Што такое такафобія.

Аўтар — Pam-pam
3 сакавіка, 17:38
«Можа, толькі ў Домрачавай пазітыўны вопыт». Беларуска расказала, як панічна баіцца родаў

«Наша Ніва» паразмаўляла з беларускай, якая панічна баіцца родаў. Дзіяне 37 гадоў, і страх, з якім яна жыве, стаў прычынай пазбягання блізкіх адносін. Пасля працы з псіхолагам дзяўчына высветліла, што ў яе такафобія ці панічны страх цяжарнасці і родаў.

«Як мантру паўтараю словы сябровак: «Гэты цуд, што ўва мне 9 месяцаў будзе жыць маленькі чалавечак, ён будзе чуць, як б'ецца маё сэрца знутры…» Аднак гэта ні кропелькі не дапамагае. Як падумаю пра «ўнутры», так адразу фільмы жахаў у галаву лезуць: хтосьці будзе варушыцца ўва мне! Я панічна баюся саміх родаў. Каб супакоіцца, праглядзела мільён відэазапісаў працэсу. Стала толькі горш. Гэта ж жудасна балюча! Хоць ты адразу кесарава прасі. Але ў выпадку кесарава складаны перыяд аднаўлення — я бачыла, як цяжка было маёй сяброўцы. Гэта значыць, як ні круці, пасля цяжарнасці будзе дрэнна. І гэтага я таксама баюся».

Дзіяна кажа, што амаль усё жыццё неўсвядомлена імкнулася пазбягаць мужчын. Нягледзячы на тое, што яна марыць выйсці замуж. Але любыя адносіны заўсёды шлі па адным сцэнарыі: як толькі ўсё станавілася больш-менш сур’ёзна, дзяўчына вырашала іх спыніць.

«У нейкі момант я пачала думаць, што мне проста не падыходзяць беларускія мужчыны. Я стала перапісвацца з мужчынамі з іншых краін. Але зразумела, што ўсе мае адносіны віртуальныя. І ўсё ж нешта з гэтым не тое».

Жанчына прызнаецца, што, дзякуючы падтрымцы сяброўкі, яна ўсё ж вырашыла звярнуцца да псіхолага.

«Толькі пасля я зразумела, што гэта мая такафобія перашкаджае мне ў асабістым жыцці. Таму што я падсвядома выбудоўвала ланцужок: сур'ёзныя адносіны — шлюб — роды. А родаў я баюся. Ужо больш за год я працую са сваёй такафобіяй. Вырашыла засяродзіцца на гэтым. Не магу сказаць, што ёсць асаблівыя дасягненні. Псіхалагіня рэкамендавала мне пагаварыць з сяброўкамі, у якіх ёсць пазітыўны досвед родаў. Але яго ж у беларускіх радзільных дамах ні ў каго няма! Як пачнеш пытаць, так табе суцэльныя кашмары расказваюць. Тут, можа, толькі ў Дар'і Домрачавай пазітыўны досвед ёсць — але я з ёй не знаёмая».

Экс-біятланістка выхоўвае дваіх дачок - Ксенію яна нарадзіла ў кастрычніку 2016-га, а Міру - у ліпені 2023-га. Абедзве малышкі з'явіліся на свет у радзільных дамах Мінска.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты