Tribuna/Іншыя/Блогі/Рускi даведаўся, што Шпiлеўскаму норм «Белоруссия», але ў «Арысе» i сацетках абурылiся – i нават атрымалi выбачэннi

Рускi даведаўся, што Шпiлеўскаму норм «Белоруссия», але ў «Арысе» i сацетках абурылiся – i нават атрымалi выбачэннi

Але пiсаць «Беларусь» Андрэй Бадроў, падобна, не пачне.

Аўтар — Pam-pam
27 красавіка, 12:00
1
Рускi даведаўся, што Шпiлеўскаму норм «Белоруссия», але ў «Арысе» i сацетках абурылiся – i нават атрымалi выбачэннi

24 красавiка ў межах праекта «РБ Спорт Подкаст» выйшла гутарка беларускага галоўнага трэнера «Арыса» Аляксея Шпілеўскага з галоўным рэдактарам расiйскага партала «РБ» Андрэем Бадровым. Расiйскi iнтэрвʼюер падняў мноства футбольных пытанняў, але, бадай, найбольш рэзанансны адказ Шпiлеўскi даў на моўнае. Яно ўзнiкла з таго, што Бадроў вымавiў «Белоруссия» – пасля гэтага дадаў, што сам адмаўляецца прызнаваць слова «Беларусь», i запытаўся, што Шпiлеўскi думае пра гэта.

Трэнер некалькi разоў даволi нервова ўсмiхнуўся, перш чым адказаў, што яму, маўляў, галоўнае, як Бадроў адносiцца асабiста да яго, а пытанне назвы краiны ды народа не мае «нейкага асаблiвага значэння». Гэта, канешне, своеасаблiвы адказ, але непараўнальны са сведчаннем футбалiста Сяргея Палiцевiча, што калiсьцi Шпiлеўскi ўвогуле называў беларусаў «паскуднай нацыяй».

Бадроў жа пасля рэакцыi Шпiлеўскага дадаў, што iншыя беларусы ў «Арысе», наадварот, назвалi расiянiна «нядобрым чалавекам» праз яго моўную ўпартасць. «Кажуць: «Беларусь, мы беларусы». А я кажу: «Ды не, вы «белорусы», – пераказаў расiянiн свой дыялог.

У каментарах пад відэа гутаркi Бадрова са Шпiлеўскiм, якое за першыя два днi сабрала каля 3,7 тысячы праглядаў i пару дзясяткаў каметарыяў, пайшла дыскусiя менавiта па пытаннi назвы Беларусi. Хтосьці папракаў вядучага.

А нехта адстойваў варыянт «Белоруссия», i тут аргументы таксама былi прадказальныя, якiя прыводзiлiся ў падобных спрэчках вельмi шмат разоў.

А вось калi кавалак вiдэа запосцiла «Трыбуна», у нашым Instagram каментарыяў набралося больш за 300. З большага Бадрова зусiм не разумелi, а хтосьцi назваў «iмперцам».

Але i тут было пару меркаванняў у абарону пазiцыi Бадрова.

Пазней Бадроў адрэагаваў на сiтуацыю ў сваім Telegram-канале. З допiсу расiянiна вынiкае, што ён не разумеў, што «Белоруссия» – гэта слова, якое сiмвалiзуе час задушэння беларускай незалежнасцi i жаданне некаторых асоб вярнуць гэты час зноў. «Па некаторых беларускіх сацсетках разышлося, што я хрэнаў імперыяліст ці нешта падобнае. Вось як, нават пытанне вымаўлення і напісання цяпер палітычнае», – з яўным здзiўленнем адкрыў для сябе Бадроў.

Ён дадаў, што дарма закрануў тэму, i папрасiў выбачыць, «калі кагосьці закранулі неасцярожныя фармулёўкі, паліткарэктнасць не перашкодзіць», але i папрасiў «зрабіць скідку на прыведзеныя аргументы». Сярод iх – што «нам, рускiм, нарожданым у СССР, з дзяцiнства знаёмае слова «Белоруссия», да якога Бадроў, маўляў, прызвычаiўся i таму, «калi з’явiлася «Беларусь», не прыняў» (адзначым, што ў 1991-м Бадрову было 11 гадоў – што так непераадольна зафiксавалася да таго моманту?). Iншыя довады – жыццё паблiзу са станцыяй маскоўскага метро «Белорусская» ды кампазiцыя «Песняроў» са словамi «Молодость моя, Белоруссия» (што лагiчна для савецкiх часоў выхаду песнi, але нiяк не тлумачыць сучаснасць).

Дадаўшы, што адна з яго прабабуль родам з Гомельскай вобласцi, Бадроў падсумаваў: «Карацей кажучы, BYТрыбуна і калегі: я паважаю «Белоруссию» і «Беларусь», «белорусов» і «беларусаў»! Іншага нам не дадзена. Будзем пісаць і казаць, як нам дазваляе нашая мова, і з павагай да субратаў». З чаго можна зрабiць выснову, што пераходзiць на варыянт «Беларусь» расiянiн не збiраецца.

«Трыбуна» апублікавала адказ Бадрова на сайце і ў сацсетках, а той зрабіў рэпост у свой тэлеграм. У каментарыях нехта прапанаваў увогуле «БССР», на што Бадроў прадказаў суразмоўцы «пажыццёвую дысквалiфiкацыю ад апазiцыi». Падобна, што «ўладай» Бадроў без праблем лiчыць тых, хто за сам факт рэпоста з «Трыбуны» можа кiнуць яго за краты.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты